Дата стварэння: 15.03.2024 10:48:01
Дата змены: 28.05.2025 12:04:03
Партыза́нская брыга́да «Камсамо́лец»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Мірскага, Стаўбцоўскага, Карэліцкага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў снежні 1943 г. на базе атрадаў, вылучаных партызанскай брыгадай імя Г. К. Жукава Баранавіцкай вобласці.
Партызаны ў студзені 1944 г. на чыгуначнай лініі Баранавічы — Ліда падарвалі 5 эшалонаў з ваеннымі грузамі, каля в. Агароднікі Лідскага раёна знішчылі мост праз р. Нёман. У красавіку 1944 г. зрабілі 11 дыверсій, у т. л. ў Мірскім раёне пашкодзілі 12,5 км тэлеграфна-тэлефоннай лініі. У сакавіку правялі некалькі баёў, разграмілі гарнізон у в. Загор’е Мірскага (цяпер Карэліцкага) pаёна і захапілі 40 вінтовак, разам з партызанскай брыгадай імя Г. К. Жукава разбілі варожы гарнізон у г. п. Мір (гл. Мірскі бой 1944 г.).
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 10 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы камсамольскі, 2‑і камсамольскі, імя М. І. Калініна, «Сокал», у якіх налічвалася 588 партызан.
Камандзіры брыгады: I. К. Кузняцоў, Р. М. Панявін; камісар А. I. Дзееў; начальнік штаба М. Ц. Маскалёў.
У гонар брыгады ў в. Ярэмічы Карэліцкага pаёна ў 1979 г. пастаўлена стэла.