Дата стварэння: 18.05.2024 09:52:11
Дата змены: 11.09.2024 14:35:47
Партыза́нская брыга́да імя́ Г. К. Жу́кава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Стаўбцоўскага і Мірскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў сакавіку 1943 г. загадам штаба Івянецкага партызанскага злучэння на базе асобных атрадаў: «Камсамолец» (у верасні 1943 падзелены на 1‑ы камсамольскі і 2‑і камсамольскі), імя М. А. Сарокіна (арганізаваны ў кастрычніку 1942 на базе дыверсійнай групы М. А. Сарокіна; з мая 1943 імя А. В. Суворава), «Франтавікоў» (арганізаваны ў лютым 1943, з мая 1943 імя К. К. Ракасоўскага) і групы Д. П. Шаркевіча («Данілы», арганізавана ў снежні 1942; пазней атрад імя М. М. Воранава). У верасні 1943 г. у брыгаду ўключаны атрад імя М. І. Калініна. У снежні 1943 г. арганізаваны атрады «Мсцівец» і «Сокал», у студзені 1944 г. на базе каменданцкага ўзвода арганізаваны атрад «25 гадоў ВЛКСМ».
У канцы снежня 1943 г. для фарміравання партызанскай брыгады «Камсамолец» вылучаны атрады 1‑ы камсамольскі, 2‑і камсамольскі, імя М. І. Калініна і «Сокал».
Вясной і летам 1943 г. партызаны правялі 10 баёў, разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Ярэмічы Мірскага раёна (цяпер Карэліцкі) і Дудкi Стаўбцоўскага раёна. У кастрычніку — лістападзе 1943 г. на чыгуначных участках Мінск — Баранавічы, Ліда — Маладзечна падарвалі 3 эшалоны, 180 рэек. У лютым 1944 г. падарвалі 9 эшалонаў праціўніка, мост, пашкодзілі механічныя майстэрні ў дэпо станцыі Мінск. У сакавіку разам з брыгадай «Камсамолец» разграмілі варожы гарнізон у г. п. Мір (гл. Мірскі бой 1944 г.). У чэрвені — ліпені 1944 г. разбурылі пераправу цераз р. Сула, у баях захапілі 5 аўтамашын, кулямёт, 100 вінтовак, абоз, удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначным участку Негарэлае — Коласава.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 10 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. В. Суворава, імя М. М. Воранава, імя К. К. Ракасоўскага, «Мсцівец», «25 гадоў ВЛКСМ», у якіх змагаліся 732 партызаны.
Камандзіры брыгады: С. С. Ключко, М. Ц. Маскалёў, Р. Л. Васілевіч; камісары: В. С. Самусевіч, У. З. Царук, А. З. Гайсараў; начальнікі штаба: К. А. Афанасевіч, I. I. Пракоф’еў, В. Я. Шахроў, Я. I. Кайдалаў, В. I. Бажэнка.
У гонар брыгады ў в. Ярэмічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў 1979 г. пастаўлена стэла.