Дата стварэння: 15.03.2024 10:54:26
Дата змены: 15.05.2025 15:00:52
Партыза́нскі атра́д «Баявы́» імя́ Дуна́ева
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дзяржынскага, Уздзенскага, Капыльскага раёнаў Мінскай вобласці, Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці, Васілішкаўскага і Дзятлаўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці і Скідзельскага раёна Беластоцкай вобласці.
Створаны ў кастрычніку 1942 г., дзейнічаў у складзе партызанскай брыгады 300‑й імя К. Я. Варашылава, у жніўні 1943 г. перададзены Беластоцкаму партызанскаму злучэнню. У складзе групы атрадаў П. П. Капусты ў верасні — лістападзе 1943 г. зрабіў рэйд з Капыльскага раёна ў Ліпічанскую пушчу. Атраду прысвоена імя Дунаева [псеўданім I. М. Тараховіча (загінуў) — камандзіра атрада імя В. І. Чапаева партызанскай брыгады 27‑й імя В. І. Чапаева].
Партызаны правялі 138 баёў з карнікамі, у т. л. каля в. Станькава Дзяржынскага раёна (9.1.1943), на р. Котра (14.11.1943). Летам 1943 г. удзельнічалі ў нападзе на гарнізон у г. п. Узда, у аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначным участку Коласава — Негарэлае. У дыверсіях і засадах партызаны атрада знішчылі 113 мастоў, у т. л. 7 на чыгунцы, 24 аўтамашыны, разграмілі 8 маёнткаў, 2 заводы, 82 прадпрыемствы, электрастанцыю, 30 складоў. У час рэйду ў Беластоцкую вобласць падарвалі больш за 320 рэек.
Атрад (203 партызаны) злучыўся з Чырвонай арміяй 11 ліпеня 1944 г.
Камандзіры атрада: Б. В. Жаўрыд (загінуў), Я. П. Грыцаневіч; камісар П. А. Жылко; начальнікі штаба: Я. П. Грыцаневіч, В. М. Ёлкін, С. Ф. Крыжаноўскі, А. П. Цыбульскі, Д. Р. Зайцаў, П. А. Рудзін.
У в. Бераставіца Шчучынскага раёна ў 1964 г. у гонар атрада пастаўлены абеліск.