Масты́
Горад, цэнтр Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, на р. Нёман пры ўпадзенні ў яе р. Зальвянка. Знаходзіцца за 60 км на паўднёвы ўсход ад г. Гродна, за 247 км ад Мінска. Чыгуначны вузел, аўтадарогамі звязаны з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, Ліда.
З 1940 г. рабочы пасёлак, у 1949–1955 гг. гарадскі пасёлак.
У 1939 г. у Мастах было 4,7 тыс. жыхароў.
У паветраным баі 22 чэрвеня 1941 г. лётчык-знішчальнік А. С. Данілаў у раёне Мастоў тараніў варожы самалёт. У першыя дні вайны недалёка ад Мастоў жорсткія баі з ворагам вёў атрад (каля 700 чалавек) 184‑га стралковага палка 56‑й стралковай дывізіі 3‑й арміі Заходняга фронту пад камандаваннем падпалкоўніка П. М. Чугунава (загінуў) і батальённага камісара Ільюхіна. Ацалелыя байцы атрада далучыліся потым да аднаго з партызанскіх атрадаў.
Масты акупіраваны 25 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў Мастах і раёне 2 681 чалавека. У лістападзе 1942 г. 360 яўрэяў з раённага цэнтра былі адпраўлены ў гета ў в. Пескі Мастоўскага раёна, адтуль былі вывезены ў Ваўкавыск і дэпартаваны ў Трэблінку (Польшча).
У Мастах і раёне дзейнічалі Шчучынскі падпольны міжрайпартцэнтр, Зэльвенскі падпольны райкам КП(б)Б, Мастоўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада Ленінская, партызанскі атрад «Наватары» і партызанскі атрад імя М. І. Калініна (Беластоцкай вобласці).
Масты вызвалены 13 ліпеня 1944 г. воінамі 348‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр М. А. Нікіцін) 35‑га стралковага корпуса 3‑й арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 г.
У Мастах знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і партызан (сярод пахаваных — Герой Савецкага Саюза В. П. Жукаў); магіла малодшага лейтэнанта І. Н. Тордзіі, які загінуў у баях за вызваленне горада ў ліпені 1944 г.; на магілах пастаўлены помнікі;
помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.