Мсцісла́ў
Горад, цэнтр Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці, на р. Віхра. Знаходзіцца за 95 км на ўсход ад г. Магілёў, за 301 км ад Мінска, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы (на лініі Орша — Крычаў), аўтадарогамі звязаны з гарадамі Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, г. п. Хіславічы (Расія).
У 1939 г. у Мсціславе было 10 515 жыхароў.
У сярэдзіне ліпеня 1941 г. на подступах да горада цяжкія абарончыя баі вялі часці 4‑га паветрана-дэсантнага корпуса (генерал-маёр А. С. Жадаў) і 6‑й Арлоўскай стралковай дывізіі (палкоўнік М. А. Папсуй-Шапко) 28‑га стралковага корпуса 4‑й арміі. Пад націскам намнога большых сіл ворага гэтыя часці адышлі за р. Сож.
Мсціслаў акупіраваны 14 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 1 645 чалавек, у т. л. 1 300 яўрэяў (па іншых звестках, больш за 700) у Мсціславе.
У Мсціславе і раёне дзейнічалі Мсціслаўскі падпольны райкам КП(б)Б і Мсціслаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 14‑я Цемналеская, партызанскі атрад 85‑ы, партызанскі атрад Д. А. Журбы, партызанскі атрад П. Е. Казанакава, партызанскі атрад «Чапай», падпольныя групы.
Мсціслаў вызвалены 28 верасня 1943 г. часцямі 344‑й стралковай дывізіі (палкоўнік В. К. Страхаў) ва ўзаемадзеянні з 196‑й танкавай брыгадай (падпалкоўнік Я. Я. Духоўны) і 54‑м гвардзейскім мінамётным палком (маёр I. Я. Лаўрыновіч) 49‑й арміі Заходняга фронту ў ходзе Смаленскай аперацыі 1943 г.
У горадзе пасля вызвалення размяшчаліся штабы 49‑й арміі і 2‑га Беларускага фронту.
У Мсціславе знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў, магіла Героя Савецкага Саюза Я. І. Ганчарова, магіла ахвяр фашызму (пахаваны яўрэі, цыганы, беларусы, група савецкіх ваеннапалонных); на пахаваннях пастаўлены помнікі;
мемарыяльны комплекс «Курган Славы» на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны;
Алея Славы;
мемарыяльныя дошкі ў гонар штаба 2‑га Беларускага фронту і воінам-вызваліцелям.