Наро́ўля
Горад, цэнтр Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці, прыстань на р. Прыпяць. Знаходзіцца за 178 км на паўднёвы захад ад г. Гомель, за 320 км ад Мінска, за 34 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (на лініі Калінкавічы — Оўруч), аўтадарогамі звязана з гарадамі Мазыр і Ельск.
У 1938–1971 гг. гарадскі пасёлак.
У 1941 г. у Нароўлі было 4,7 тыс. жыхароў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны
Нароўля акупіравана 27 жніўня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 600 чалавек, у т. л. больш за 100 яўрэяў з Нароўлі ў лістападзе 1941 г.
На тэрыторыі раёна дзейнічалі Нараўлянскі падпольны райкам КП(б)Б і Нараўлянскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 27‑я Нараўлянская імя С. М. Кірава, партызанскі атрад Нараўлянскі.
У ноч на 30 жніўня 1943 г. партызаны зрабілі налёт на нямецкі гарнізон у Нароўлі (гл. Нараўлянска-Шчакатаўская аперацыя 1943 г.).
Нароўля вызвалена 30 лістапада 1943 г. воінамі 415‑й стралковай дывізіі (палкоўнік П. I. Машчалкаў) 61‑й арміі Беларускага фронту ў выніку Нараўлянскай аперацыі 1943 г. сумесна з партызанамі 27‑й Нараўлянскай брыгады імя С. М. Кірава.
У Нароўлі знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі; магіла ахвяр фашызму — яўрэяў Нараўляншчыны; на магілах пастаўлены помнікі;
Алея Славы.