Дата стварэння: 18.05.2024 09:49:03
Дата змены: 05.03.2025 09:05:55
Партыза́нская брыга́да 95‑я імя́ М. В. Фру́нзэ
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Грэскага і Слуцкага раёнаў Мінскай вобласці.
Створана 27 верасня 1943 г. загадам штаба Мінскага партызанскага злучэння на базе атрадаў імя С. М. Будзённага (арганізаваны ў сакавіку 1942), імя С. М. Кірава (арганізаваны ў чэрвені 1943), імя Ф. Э. Дзяржынскага (арганізаваны ў чэрвені 1943), імя К. К. Ракасоўскага (арганізаваны 19.9.1943), вылучаных партызанскай брыгадай 225‑й імя А. В. Суворава. У снежні 1943 г. арганізаваны атрад імя А. М. Матросава.
Партызаны праводзілі аперацыі на камунікацыях ворага. У лістападзе 1943 г., лютым — красавіку 1944 г. вялі баі з карнікамі. У пачатку чэрвеня 1944 г. у Грэскім і Слуцкім раёнах за 9 дзён правялі 10 баёў з праціўнікам, прычынілі ворагу значныя страты.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя С. М. Будзённага, імя С. М. Кірава, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя К. К. Ракасоўскага, імя А. М. Матросава, у якіх змагаліся 1 032 партызаны.
Камандзір брыгады I. В. Арастовіч, камісар А. Ц. Міновіч, начальнік штаба С. П. Патапенка.
У гонар брыгады ў в. Застарычча Старадарожскага pаёна Мінскай вобласці ў 1966 г. пастаўлены помнік.