Дата стварэння: 18.05.2024 09:57:50
Дата змены: 21.07.2025 09:03:22
Партыза́нскі атра́д 550‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці і Крынкаўскага раёна Беластоцкай вобласці, а таксама прылеглых раёнаў.
Створаны 15 жніўня 1943 г. у Пухавіцкім раёне як асобны атрад на базе арганізатарскай групы Р. А. Дзякава, накіраванай з савецкага тылу па заданні Цэнтральнага камітэта КП(б)Б, і байцоў, вылучаных партызанскай брыгадай імя В. І. Чапаева (Мінскай і Беластоцкай абласцей). У верасні 1943 г. атрад пачаў перадыслакацыю ў Беластоцкую вобласць, куды выйшаў у лістападзе 1943 г.
У красавіку 1944 г. партызаны атрада разам з партызанскай брыгадай імя Ф. Э. Дзяржынскага і партызанскай брыгадай 8‑й (абедзве — Брэсцкай вобласці) удзельнічалі ў баях з карнікамі каля вёсак Гічыцы, Уласаўцы, Вулька Аброўская, Бабровічы Косаўскага раёна.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 18 ліпеня 1944 г., на той момант у ім налічвалася 106 партызан.
Камандзір атрада Р. А. Дзякаў; камісары: Ц. В. Ясючэня (загінуў), П. А. Сяўко; начальнік штаба А. А. Смірноў.