Дата стварэння: 13.06.2024 09:27:15
Дата змены: 15.05.2025 15:22:49
Партыза́нская брыга́да імя́ I. В. Ста́ліна
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Валожынскага, Івянецкага, Стаўбцоўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці, Дзяржынскага і Мінскага раёнаў Мінскай вобласці (цяпер усе раёны, акрамя скасаванага Івянецкага, у Мінскай вобласці).
Створана ў лістападзе 1942 г. на базе 125‑га атрада імя І. В. Сталіна, арганізаванага ў красавіку 1942 г. у Дзяржынскім pаёне. Пры фарміраванні брыгады з асабовага саставу 125‑га атрада імя І. В. Сталіна створаны атрады «Бальшавік», імя Ф. Э. Дзяржынскага і імя А. В. Суворава. У снежні 1942 г. у брыгаду ўключаны асобныя атрады імя В. І. Чапаева і імя С. М. Будзённага. Пазней у брыгадзе сфарміраваны атрады імя А. Я. Пархоменкі, імя П. К. Панамарэнкі, у кастрычніку 1943 г. — імя С. М. Кірава і імя С. А. Рыжака (камандзіра 125‑га атрада імя І. В. Сталіна, які загінуў у чэрвені 1942), у студзені 1944 г. — імя І. В. Сталіна.
У кастрычніку 1943 г. на базе атрада імя Ф. Э. Дзяржынскага створана партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці, у снежні 1943 г. на базе атрадаў імя В. І. Чапаева і імя А. Я. Пархоменкі — партызанская брыгада імя В. I. Чапаева Баранавіцкай вобласці, на базе атрадаў імя С. М. Будзённага і імя П. К. Панамарэнкі — партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Мінскай вобласці, камандзір С. Р. Ганзенка).
Партызаны брыгады імя І. В. Сталіна разам з іншымі брыгадамі і атрадамі ў 1942 г. і ў пачатку 1943 г. грамілі апорныя пункты, гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, ачышчалі ад ворага Івянецкую зону (гл. Налібоцкія баі 1942, 1943 гг.). У ліпені — жніўні 1943 г. правялі 17 баёў супраць карных экспедыцый і за выхад з блакады. Толькі ў чэрвені 1944 г. зрабілі 24 дыверсіі, пусцілі пад адхон 6 эшалонаў, падарвалі 3 масты, 14 аўтамашын. У ноч на 20 чэрвеня 1944 г. на ўчастку Коласава — Негарэлае (лінія Мінск — Баранавічы) падарвалі каля 600 рэек, пашкодзілі 500 м тэлефонна-тэлеграфнай лініі.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 5 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Бальшавік», імя А. В. Суворава, імя С. А. Рыжака, імя С. М. Кірава, імя І. В. Сталіна, у якіх налічвалася 1 160 партызан.
Камандзір брыгады П. I. Гулевіч, камісар А. Г. Мурашоў, начальнік штаба I. К. Карпаў.