pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 5-ы

Дата стварэння: 13.06.2024 09:32:12

Дата змены: 11.09.2024 14:59:13

Партыза́нскі атра́д 5‑ы

Дзейнічаў у час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Аршанскага, Лепельскага і Талачынскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створаны ў чэрвені 1942 г. у брыгадзе «Чэкіст» на тэрыторыі Сісенеўскай лясной дачы Шклоўскага раёна з асабовага саставу, які быў вылучаны атрадам Р. С. Іванова (гл. Партызанскі атрад 1‑ы Магілёўскай вобласці); са жніўня 1943 г. асобны атрад Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы Магілёўскай вобласці.

Партызаны наносілі ўдары на ўчастках чыгункі Барысаў — Орша (лінія Мінск — Орша), Орша — Шклоў (лінія Орша — Магілёў), 22 чэрвеня 1942 г. каля в. Дымава Шклоўскага pаёна ўдзельнічалі ў разгроме карнікаў, у жніўні 1943 г. знішчылі больш за 100 рэек. З мая 1943 г. да мая 1944 г. на чыгуначнай лініі Мінск — Орша на ўчастку Прыяміна — Коханава падарвалі 33 эшалоны, на станцыі Талачын спалілі склад з боепрыпасамі. У маі і кастрычніку 1943 г. грамілі варожыя гарнізоны ў вёсках Клімавічы Шклоўскага, Прыгані Круглянскага раёнаў (гл. Прыганінскі бой 1943 г.), 28 чэрвеня 1944 г. знішчалі ворага, які адступаў па дарозе Шапялевічы (Круглянскі раён) — Сомры (Крупскі раён Мінскай вобласці).

Атрад у складзе 362 партызан злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.

Камандзіру групы разведкі М. Тапівалдыеву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Камандзір атрада А. Ф. Сімдзянкін; камісары: I. Я. Кунгурцаў, С. М. Елькановіч (загінуў), Ф. I. Букштынаў, С. А. Крэнеў, С. П. Саўчанка; начальнік штаба Д. Я. Пракапец.