pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 1-ы

Дата стварэння: 04.07.2024 09:59:10

Дата змены: 11.09.2024 15:00:12

Партыза́нскі атра́д 1‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Шклоўскага, Бялыніцкага, Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Талачынскага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створаны ў сакавіку 1942 г. З мая 1942 г. у партызанскай брыгадзе «Чэкіст» Магілёўскай вобласці, са жніўня 1943 г. асобны атрад Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы Магілёўскай вобласці.

Партызаны атрада наносілі ўдары па ворагу на ўчастках чыгункі Барысаў — Орша (лінія Мінск — Орша), Орша — Шклоў (лінія Орша — Магілёў); 22 чэрвеня 1942 г. удзельнічалі ў разгроме карнікаў каля в. Дымава Шклоўскага раёна, 28 лютага 1943 г. каля в. Рудня Лепельскага pаёна адбілі тры атакі карнікаў і не дапусцілі іх у размяшчэнне брыгады «Чэкіст», у жніўні 1943 г. на ўчастку Орша — Шклоў падарвалі больш за 60 рэек, 3 кастрычніка 1943 г. удзельнічалі ў знішчэнні варожага гарнізона ў в. Прыгані Круглянскага раёна (гл. Прыганінскі бой 1943 г.).У час Беларускай аперацыі 1944 г. атрад 28 чэрвеня 1944 г. наносіў удары па ворагу, які адступаў па дарозе Шапялевічы (Круглянскі раён) — Сомры (Крупскі раён Мінскай вобласці).

Атрад (485 партызан) 29 чэрвеня 1944 г. злучыўся з Чырвонай арміяй.

Камандзіры атрада: Г. А. Кірпіч, Р. С. Іваноў; камісары: П. I. Счаслаўскі (загінуў), М. М. Данілаў; начальнікі штаба: А. І. Шамарын, Д. Ф. Папоў.