pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 13-ы

Дата стварэння: 04.07.2024 10:02:52

Дата змены: 11.09.2024 14:59:46

Партыза́нскі атра́д 13‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Смаленскай вобласці РСФСР, Віцебскай і Магілёўскай абласцей БССР.

У маі 1942 г. па ініцыятыве Гжацкага райкама ВКП(б) Смаленскай вобласці ў г. Мажайск Маскоўскай вобласці створаны дыверсійны атрад «Качубея» (з кастрычніка 1942 «Перамога»). Атрад (27 партызан) накіраваны 12 жніўня 1942 г. цераз Віцебскія «вароты» ў варожы тыл, з верасня 1942 г. у брыгадзе «Аляксея» (гл. Партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава). У лютым 1943 г. вылучаны з гэтай брыгады і перадыслацыраваны ў Смаленскую вобласць, дзе дзейнічаў самастойна. З 17 сакавіка 1943 г. аператыўна падпарадкаваны партызанскаму палку «Трынаццаць» Смаленскай вобласці РСФСР, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей БССР, у кастрычніку ўвайшоў у яго склад. З 1 чэрвеня 1944 г. атрад 13‑ы асобага партызанскага злучэння «Трынаццаць» Магілёўскай вобласці.

Партызаны ў жніўні — снежні 1942 г. на чыгуначным участку Віцебск — Рудня (Смаленская вобласць) на лініі Віцебск — Смаленск падарвалі 17 варожых эшалонаў; у жніўні — верасні 1943 г. на чыгуначных лініях Орша — Крычаў, Магілёў — Крычаў удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна». У сакавіку 1943 г. у Касплянскім і Манастыршчынскім раёнах Смаленскай вобласці, у кастрычніку ў Прапойскім (цяпер Слаўгарадскі) і Быхаўскім раёнах, у лютым 1944 г. у Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці вялі баі з карнікамі.

Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.

Партызану П. А. Галецкаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Камандзіры атрада: Д. К. Рыбакоў, К. I. Новікаў; камісары: К. І. Новікаў, I. А. Яцына, А. Я. Драздоў, I. М. Рэкрут; начальнікі штаба: С. З. Кандрацьеў, А. Т. Ланцаў.