pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 20-ы

Дата стварэння: 04.07.2024 10:04:33

Дата змены: 11.09.2024 14:52:01

Партыза́нскі атра́д 20‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Аршанскага і Лепельскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Зімой 1941–1942 гг. у Аршанскім pаёне была створана партызанская група Б. М. Клюшнікава. На яе базе ў чэрвені 1942 г. у Шклоўскім pаёне сфарміраваны атрад, які ў чэрвені 1942 г. увайшоў у склад партызанскай брыгады «Чэкіст» Магілёўскай вобласці, са жніўня 1943 г. вылучаны з брыгады як асобны атрад Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы (Шклоўскай ВАГ). Да красавіка 1943 г. называўся па прозвішчах камандзіраў, затым 20‑ы.

Партызаны наносілі ўдары на чыгуначнай лініі Мінск — Орша, па ўчастку Орша — Шклоў чыгуначнай лініі Орша — Магілёў. У жніўні 1943 г. на ўчастках Шклоў — Лотва, Копысь — Чэрвіна чыгуначнай лініі Орша — Магілёў падарвалі больш за 90 рэек. Атрад удзельнічаў 3 кастрычніка 1943 г. у разгроме варожага гарнізона ў в. Прыгані Круглянскага pаёна (гл. Прыганінскі бой 1943 г.). Прымаючы ўдзел у 3‑м этапе аперацыі «Рэйкавая вайна» разам з іншымі атрадамі Шклоўскай ВАГ, партызаны 20 чэрвеня 1944 г. нанеслі ўдар на чыгуначным участку Слаўнае — Трацылава на лініі Мінск — Орша; у час наступлення Чырвонай арміі 28 чэрвеня 1944 г. знішчалі ворага, які адступаў па дарозе Шапялевічы (Круглянскі раён) — Сомры (Крупскі раён Мінскай вобласці).

Атрад (418 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.

Камандзіры атрада: Б. М. Клюшнікаў (загінуў), С. М. Якімаў; камісары: М. I. Масюраў (загінуў), Ф. Ц. Сіялка, Г. I. Ігнаценка; начальнік штаба А. І. Мацюшэўскі.