Дата стварэння: 12.04.2023 10:36:42
Дата змены: 11.09.2024 15:08:54
Белару́скі ко́рпус самаахо́вы, БКС, Беларуская самаахова
Ваенізаванае фарміраванне беларускіх калабарацыяністаў на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў 1942–1943 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Пачаў стварацца летам 1942 г. Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу нямецкіх улад. У афіцыйным пасланні генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ да старшыні БНС I. А. Ермачэнкі ад 29 чэрвеня 1942 г. гаварылася: «Вы павінны падрыхтаваць са сваімі супрацоўнікамі зварот да беларускага насельніцтва з заклікам да ўступлення мужчынскага насельніцтва ў беларускі вольны корпус самааховы». Тэкст звароту быў абмеркаваны 30 чэрвеня 1942 г. на пасяджэнні Цэнтральнай рады БНС, падпісаны І. А. Ермачэнкам, В. Я. Гадлеўскім, В. Л. Іваноўскім, У. Казлоўскім, Ю. Саковічам, архіепіскапам Філафеем і надрукаваны ў «Беларускай газэце» за 4 ліпеня 1942 г. Начальнік СС і паліцыі бяспекі і СД Беларусі брыгадэфюрар СС генерал-маёр паліцыі К. Цэнер 1 ліпеня 1942 г. правёў нараду па пытанні арганізацыі самааховы, на якой прысутнічалі палкоўнік Гайсбург, оберштурмфюрар Шлегель і І. А. Ермачэнка. У выдадзеным у сувязі з гэтым загадзе К. Цэнера падкрэслівалася: «1. Паводле загаду генеральнага камісара Беларусі ў поўнай згодзе з “БНС” ствараецца самаахова беларускага насельніцтва. 2. Самаахова з’яўляецца дапаможнай арганізацыяй для нямецкай паліцыі. Яе задача — дапамагаць нямецкай і мясцовай паліцыі ў барацьбе супраць бальшавікоў і сабатажнікаў, забяспечыць спакой на Беларусі... 6. У якасці оберкаменданта беларускай самааховы будзе дзейнічаць пры мне кіраўнік “БНС”. 7. Накіраванне аддзелаў на акцыю адбудзецца па ўказанні нямецкіх паліцэйскіх органаў у выпадку неабходнасці. 8. Зброя і амуніцыя пастаўляюцца нямецкай паліцыяй...». Абавязкамі галоўнага каменданта І. А. Ермачэнкі з’яўляліся агульнае кіраўніцтва самааховай, забеспячэнне абмундзіраваннем, харчаваннем і раскватараванне корпуса. У акругах адпаведныя абавязкі былі ўскладзены на старшынь БНС як акруговых камендантаў самааховы.
Для арганізацыі БКС І. А. Ермачэнка стварыў вайсковую камісію, у якую, акрамя яго, увайшлі Калькевіч, Касяк, Ф. В. Кушаль, М. Пугачоў, Ю. Саковіч, Чабатарэвіч. Пры галоўным каменданце быў утвораны штаб БКС (начальнік штаба падпалкоўнік Я. Н. Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Па прапанове вайсковай камісіі меркавалася стварыць БКС у складзе трох дывізій: 1‑ю ў напрамку на Мінск і Слуцк; 2‑ю — на Баранавічы, Навагрудак і Слонім; 3‑ю — на Вілейку, Ліду і Глыбокае. Паводле загаду К. Цэнера ў кожным раёне дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна).
Пытанне арганізацыі БКС абмяркоўвалася на скліканым І. А. Ермачэнкам у 2‑й палове ліпеня 1942 г. з’ездзе акруговых кіраўнікоў БНС. Было вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. З пачатку жніўня 1942 г. у Мінску адкрыліся 3‑тыднёвыя афіцэрскія курсы БКС (кіраўнік Ф. В. Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чалавек. Падафіцэры (малодшыя камандзіры) займаліся на курсах у акругах. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Падкрэслівалася думка, што БКС знішчыць партызан і стане зародкам беларускага войска на будучыню.
Усяго было створана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач.
З восені 1942 г. пачалі мяняцца адносіны да самааховы з боку немцаў, якія не спяшаліся ўзбройваць яе, бо ўбачылі небяспеку для сябе ў стварэнні буйнога нацыянальнага беларускага вайскова-паліцэйскага фарміравання, няхай і лаяльнага да іх улады. І. А. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула галоўнага каменданта, штаб БКС ліквідаваны. І. А. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся нямецкім акруговым начальнікам паліцыі. У БКС былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу (узвода), камандзір роты і інш. У красавіку 1943 г. начальнік паліцыі парадку Беларусі палкоўнік Клепш адзначаў, што «спроба стварыць самаахову з беларусаў-добраахвотнікаў правалілася з некалькіх прычын: па-першае, нягледзячы на шматлікія спробы, ад вермахта не ўдалося атрымаць неабходную колькасць зброі; па-другое, бяззбройныя самаахоўцы і іх сем’і пастаянна тэрарызаваліся з боку партызан, як толькі стала вядома пра стварэнне самааховы; па-трэцяе, гэтыя людзі, за рэдкім выключэннем, былі ненадзейнымі, таму што лёгка паддаваліся варожай прапагандзе і сімпатызавалі партызанам. Мелі месца выпадкі, калі буйныя патрулі самааховы, узброеныя вінтоўкамі і аўтаматычнай зброяй, замест аказання супраціўлення пераходзілі на бок бандытаў. Да таго ж праведзеная згодна з заданнем Беларускай народнай самапомачы мабілізацыя людзей у беларускую самаахову была ажыццёўлена ў духу, не адпаведным умовам, і, урэшце, была даручана жандармерыі».
Спроба стварыць БКС правалілася, і вясной 1943 г. гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.