Дата стварэння: 12.04.2023 11:13:56
Дата змены: 16.04.2024 12:43:16
Камяне́ц
Горад, цэнтр Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, на р. Лясная. За 38 км на поўнач ад г. Брэст, за 340 км ад Мінска, за 28 км ад чыгуначнай станцыі Жабінка (на лініі Брэст — Баранавічы); на аўтадарозе Брэст — Камянюкі.
Да 1940 г. Камянец-Літоўскі.
У 1940–1983 гг. гapадскі пасёлак.
У 1940 г. у Камянцы было 4,5 тыс. жыхароў.
Раніцай 23 чэрвеня 1941 г. каля Камянца (на правым флангу сустрэчнай танкавай бітвы, якая разгарнулася на лініі Камянец — Жабінка — Вялікія Радванічы) 30‑я танкавая дывізія (палкоўнік С. I. Багданаў) у жорсткім баі адкінула на некалькі кіламетраў нямецкія 17‑ю і 18‑ю танкавыя дывізіі 2‑й танкавай групы Г. Гудэрыяна.
Камянец акупіраваны 23 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 5 406 чалавек, вывезлі ў Германію 1 682 чалавекі. Гітлераўцы стварылі ў Камянцы гета, дзе ўтрымлівалася каля 5 тыс. яўрэяў. У лістападзе 1942 г. вязні былі вывезены ў гета ў г. Высокае, затым у лагеры смерці Трэблінка і Асвенцым (абодва ў Польшчы).
У раёне дзейнічалі Камянецкая раённая антыфашысцкая арганізацыя, Камянецкі падпольны райкам КП(б)Б і Камянецкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» (Брэсцкай вобласці).
Камянец вызвалены 22 ліпеня 1944 г. воінамі 50‑й (генерал-маёр А. С. Уладычанскі) і 54‑й (генерал-маёр М. М. Данілаў) гвардзейскіх стралковых дывізій 3‑га гвардзейскага стралковага корпуса 28‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г.
У Камянцы знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан; савецкіх воінаў, актывістаў і мірных жыхароў (за 2 км ад горада ва ўрочышчы Прускаўскі лес);
магіла гвардыі палкоўніка П. Я. Піўненкі; на магілах пастаўлены помнікі;
помнік ахвярам фашызму на месцы, дзе размяшчалася гета.