pdf

КІРАЎСКАЯ ВАЕННА-АПЕРАТЫЎНАЯ ГРУПА

Дата стварэння: 14.04.2023 11:07:39

Дата змены: 11.09.2024 14:12:40

Кі́раўская вае́нна-аператы́ўная гру́па

Кіраўская ВАГ, Ваенна-аператыўная група пры Кіраўскім падпольным райкаме КП(б)‌Б.

Партызанскае злучэнне, якое дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Кіраўскага, Клічаўскага, Бабруйскага і Рагачоўскага раёнаў.

Таксама назва органа кіраўніцтва гэтым злучэннем.

Уваходзіла ў Магілёўскае партызанскае злучэнне.

Створана ў ліпені 1943 г. у адпаведнасці з пастановай Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)‌Б і загадам Магілёўскай (абласной) ВАГ на базе партызанскіх атрадаў 537‑га, 538‑га, 100‑га і Кіраўскага спецатрада (пазней 539‑ы атрад) расфарміраванай партызанскай брыгады 9‑й Кіраўскай. У жніўні 1943 г. у Кіраўскую ВАГ уключаны 620‑ы атрад (пазней 620‑ы імя В. І. Чапаева; у студзені 1944 перабазіраваны ў Клецкі раён і ўвайшоў у склад Баранавіцкага паўднёвай зоны партызанскага злучэння). У верасні 1943 г. створаны партызанскі атрад 540‑ы. У кастрычніку 1943 г. атрад 537‑ы разгорнуты ў партызанскі полк 537‑ы, у чэрвені 1944 г. атрад 539‑ы — у партызанскую брыгаду 9‑ю імя С. М. Кірава.

Кіраўская ВАГ 27 чэрвеня 1944 г. (у складзе 2 986 партызан) злучылася з Чырвонай арміяй.

Кіраўніцтва ВАГ: сакратар Кіраўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б Г. Л. Комар; камандзір С. I. Свірыд; начальнікі штаба: Д. Ц. Ігнаценка (ліпень — жнівень 1943; загінуў), В. Д. Саўкін (жнівень — снежань 1943), А. А. Вязельшчыкаў (снежань 1943 — чэрвень 1944).