pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 9‑я КІРАЎСКАЯ

Дата стварэння: 12.05.2023 11:20:58

Дата змены: 11.09.2024 15:07:20

Партыза́нская брыга́да 9‑я Кі́раўская

Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Кіраўскага, Быхаўскага, Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

Створана ў сакавіку 1943 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра на базе 537‑га, 538‑га, 100‑га атрадаў і Кіраўскага спецатрада, пераўтворанага ў 539‑ы атрад.

Асноўны ўдар партызаны наносілі па чыгунцы на ўчастку Магілёў — Рагачоў (лінія Магілёў — Жлобін) і на лініі Асіповічы — Жлобін. Блакіравалі шашу Магілёў — Бабруйск: пашкодзілі 18 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі, на 12 км зрабілі завалы дарог і аб’язных шляхоў. З іншымі брыгадамі і атрадамі ачысцілі ад ворага значную частку Кіраўскага і сумежных з ім раёнаў. Удзельнічалі ў абароне Клічаўскай партызанскай зоны.

У ліпені 1943 г. брыгада, якая на той момант налічвала 988 чалавек, была расфарміравана, атрады перададзены Кіраўскай ваенна-аператыўнай групе.

Камандзір брыгады С. I. Свірыд, камісар Г. Л. Комар, начальнік штаба Д. Ц. Ігнаценка.

У гонар брыгады ў лесе за 6 км на ўсход ад пас. Скачок Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці ў 1968 г. быў пастаўлены помнік.