pdf

ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 15‑ы

Дата стварэння: 22.10.2024 14:36:38

Дата змены: 15.05.2025 15:00:52


Партыза́нскі полк 15‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Прапойскага, Быхаўскага, Чавускага, Кармянскага, Клічаўскага і Бярэзінскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створаны ў жніўні 1943 г. на базе партызанскага атрада 15‑га.

У ліпені 1942 г. Клічаўскім аператыўным цэнтрам з партызанскага атрада 208‑га імя І. В. Сталіна была вылучана група А. С. Дзямідава для арганізацыі 4‑й роты партызанскай брыгады 1‑й Клічаўскай, узмоцненая байцамі груп мясцовай самаабароны і групай партызан партызанскага атрада 760‑га імя М. Беразоўскага. У красавіку 1943 г. рота разгорнута ў партызанскі атрад 15‑ы, які меў 3 стралковыя і адну кулямётную роты. Пры разгортванні ў полк сфарміраваны 2 батальёны. У канцы верасня 1943 г. полк налічваў 760 партызан.

У кастрычніку 1943 г. у час прарыву блакады полк пацярпеў вялікія страты, выйшаў асобнымі групамі ў Клічаўскі раён, дзе ў снежні 1943 г. быў папоўнены байцамі партызанскага палка 208‑га імя І. В. Сталіна. У красавіку — маі 1944 г. быў перафарміраваны, 2‑і батальён папоўнены байцамі з партызанскага палка 425‑га (153 партызаны).

Партызаны наносілі асноўныя ўдары па камунікацыях у тыле нямецкіх 4‑й і 9‑й армій. У жніўні 1943 г. падарвалі 8 варожых эшалонаў, 46 аўтамашын. Летам 1943 г. у раёне чыгуначнай станцыі Верамейкі перабілі больш за 920 рэек, у чэрвені 1944 г. каля чыгуначнай станцыі Латва — больш за 170 рэек. У кастрычніку 1943 г. вялі цяжкія абарончыя баі ў Прапойскім і Быхаўскім раёнах. У складзе Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы ўдзельнічалі ў разгроме апорнага пункта ў в. Пагост Бярэзінскага раёна.

Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключаў 2 батальёны, у якіх налічвалася 311 чалавек.

Камандзір палка А. С. Дзямідаў; камісар I. П. Ніжнік; начальнікі штаба: I. I. Вішнеўскі (загінуў), П. А. Віліткевіч.