pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 538‑ы

Дата стварэння: 22.10.2024 14:47:58

Дата змены: 22.08.2025 12:04:39


Партыза́нскі атра́д 538ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Кіраўскага і Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створаны ў сакавіку 1943 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра з груп байцоў, вылучаных атрадам 537‑м (гл. Партызанскі полк 537‑ы) і Кіраўскім спецатрадам (з красавіка 1943 партызанскі атрад 539‑ы; з чэрвеня 1944 у складзе партызанскай брыгады 9‑й імя С. М. Кірава). Першапачаткова ўваходзіў у склад партызанскай брыгады 9‑й Кіраўскай, 15 ліпеня 1943 г. перададзены ў склад Кіраўскай ваенна-аператыўнай групы, дзейнічаў як асобны атрад.

Партызаны атрада ў жніўні 1943 г. і чэрвені 1944 г. удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» ў раёне чыгуначных станцый Рагачоў і Латва.

Разам з атрадам 539‑м напалі 23 сакавіка 1944 г. на варожы апорны пункт у пас. Селішча, знішчылі 17 аўтамашын, гараж. Удзельнічалі 29 красавіка 1944 г. у нападзе на варожы батальён сувязі, раскватараваны ў пас. Дзяржынскі Кіраўскага раёна, знішчылі каля 30 аўтамашын, танк, гараж. У маі 1944 г. падбілі 7 аўтамашын.

Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 27 чэрвеня 1944 г., на той момант у ім змагаліся 533 партызаны.

Камандзір атрада В. П. Швяцоў, камісар П. П. Анікін, начальнік штаба П. Д. Каранкевіч.