pdf

ТАРОПЕЦКА-ХОЛМСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1942 г.

Дата стварэння: 05.12.2024 11:04:18

Дата змены: 27.12.2024 11:40:53


Таро́пецка-Хо́лмская апера́цыя 1942 г.

Наступальная аперацыя ў Вялікую Айчынную вайну 9 студзеня — 6 лютага 1942 г. войск 3‑й (генерал-лейтэнант М. А. Пуркаеў) і 4‑й (генерал-палкоўнік А. I. Яроменка) ударных армій Паўночна-Заходняга фронту (генерал-лейтэнант П. А. Курачкін), з 22 студзеня — 3‑й і 4‑й ударных армій у складзе Калінінскага фронту (генерал-палкоўнік I. С. Конеў); праведзена на завяршальным этапе Маскоўскай бітвы 1941–1942 гг.

У пачатку студзеня 1942 г. 3‑я і 4‑я ўдарныя арміі займалі абарону на рубяжы ўсходняга берага воз. Селігер, г. Асташкаў, паўночнага берага воз. Волга. Праціўнік не чакаў актыўных дзеянняў савецкіх войск на гэтым напрамку і ў паласе фронту каля 100 км меў 3 пяхотныя і адну кавалерыйскую дывізіі 16‑й арміі групы армій «Поўнач». Савецкае камандаванне ставіла задачу сіламі 3‑й і 4‑й ударных армій разграміць на стыку груп армій «Поўнач» і «Цэнтр» групоўку праціўніка ў азёрным раёне на захад ад Асташкава; абысці варожую ржэўска-вяземскую групоўку з паўночнага захаду і ва ўзаемадзеянні з войскамі Калінінскага і Заходняга франтоў акружыць і знішчыць яе. Войскі 3‑й і 4‑й ударных армій 9 студзеня перайшлі ў наступленне, да 12 студзеня прасунуліся на 25–30 км. Чацвёртая ўдарная армія вызваліла 16 студзеня г. Андрэапаль, 21 студзеня — г. Заходняя Дзвіна і разам з партызанамі, якія дзейнічалі каля г. Таропец, перарэзала чыгунку Вялікія Лукі — Ржэў, што садзейнічала прасоўванню войск правага крыла Калінінскага фронту. Войскі 3‑й ударнай арміі да 22 студзеня акружылі гарнізон праціўніка ў г. Холм і абышлі з поўдня дзямянскую групоўку нямецкай 16‑й арміі. У далейшым часці 3‑й і 4‑й ударных армій развілі наступленне на смаленскім і віцебскім напрамках у глыбокі тыл нямецкай групы армій «Цэнтр». У пачатку лютага 3‑я ўдарная армія выйшла на подступы да г. Вялікія Лукі, 4‑я ўдарная — да гарадоў Веліж і Дзямідаў, 249‑я стралковая дывізія 4‑й арміі ўступіла на тэрыторыю БССР і прарвалася да г. Віцебск. Але, сутыкнуўшыся з нашмат большымі сіламі праціўніка, была вымушана адступіць. Каб спыніць прасоўванне савецкіх войск, нямецкае камандаванне выставіла на гэтым напрамку дадаткова 4 пяхотныя дывізіі, што былі перакінуты з Заходняй Еўропы. Войскі 3‑й і 4‑й ударных армій, якія займалі каля 300 км па фронце, не змаглі пераадолець моцнага супраціўлення праціўніка і перайшлі да абароны.

У выніку Таропецка-Холмскай аперацыі савецкія войскі прасунуліся да 250 км, абышлі з паўночнага захаду ржэўска-вяземскую, з поўдня дзямянскую групоўкі праціўніка, стварыўшы ўмовы для іх разгрому. Было парушана аператыўнае ўзаемадзеянне паміж нямецка-фашысцкімі групамі армій «Поўнач» і «Цэнтр», у лініі нямецкага фронту паміж Веліжам і Усвятамі ўтварыўся 40‑кіламетровы пралом — т. зв. Віцебскія «вароты» (Суражскія «вароты»), якія дзейнічалі з лютага да канца верасня 1942 г. Праз «вароты» ажыццяўлялася забеспячэнне беларускіх партызан, сувязь іх з войскамі Калінінскага фронту і тылам.

Савецкім войскам, якія наступалі на віцебскім напрамку, вялікую дапамогу аказалі беларускія партызаны (атрады М. П. Шмырова, Д. Ф. Райцава, М. I. Дзячкова, М. Ф. Біруліна, Я. З. Захарава і інш.), якія зімой 1941–1942 гг. выгналі гітлераўцаў з шэрагу акупіраваных прыфрантавых раёнаў Віцебскай вобласці, разам з часцямі 4‑й ударнай арміі ўтрымлівалі подступы да Віцебскіх «варот» (1‑я Беларуская і 2‑я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі партызанскія брыгады).