Дата стварэння: 05.05.2023 11:13:52
Дата змены: 10.07.2025 10:43:52
«Большэві́цкая трыбу́на» («Бальшавіцкая трыбуна»)
Газета, заснавана ў 1918 г. пад назвай «Известия Борисовского Совдепа». Назва выдання неаднаразова змянялася («Известия Борисовского уездного Совета рабочих, крестьянских и красноармейских депутатов», «Рабоче-крестьянский путь», «Бедняк», «Вясковая праўда», «Зорка Барысаўшчыны», «Калгаснік», «Бальшавік Барысаўшчыны»). З 1938 г. мела назву «Большэвіцкая трыбуна». Орган Барысаўскага гаркама і райкама КП(б)Б, гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці (26.11.1939 — 20.6.1941).
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)Б. Выходзіла ў 1943–1944 гг. на тэрыторыі Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны каля возера Палік (Барысаўскі раён, Мінская вобласць). Падпольная друкарня і рэдакцыя былі створаны пры партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Колі». Таксама тут друкавалася газета «Большевистская правда». Вядомы 31 нумар (№ 1/2, 3–19 за 1943; № 20, 2–13 за 1944) за перыяд з 25 сакавіка 1943 г. да 9 чэрвеня 1944 г. на беларускай (загаловак, падзагаловак, тэкст у асобных нумарах) і рускай мовах. Рэдактар Д. Ф. Капыткоў.
Пасля вызвалення БССР выдавалася пад той жа назвай. У снежні 1952 г. назва змянілася на «За камунізм». З сакавіка 1963 г. мела назву «Камуністычная праца». З 1965 г. друкавалася як орган Барысаўскага райкама і гаркама КПБ, раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных (Саветы народных дэпутатаў з 1977).
З 1992 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Адзінства» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнік Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт.