ГЕНЕРАЛЬНАЯ АКРУГА «БЕЛАРУСЬ», ваенна-адміністрацыйная адзінка на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну
pdf

ГЕНЕРАЛЬНАЯ АКРУГА «БЕЛАРУСЬ»

Дата стварэння: 05.05.2023 11:23:47

Дата змены: 10.11.2025 11:50:06


Генера́льная акру́га «Белару́сь» (ням. Generalbezirk Weißruthenien)

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка грамадзянскага ўпраўлення (адміністрацыі) нацысцкай Германіі ў складзе рэйхскамісарыята «Остланд», падначаленага германскаму міністэрству акупіраваных усходніх тэрыторый, якая існавала на частцы акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларускай ССР у 1941–1944 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Створана 1 верасня 1941 г. Уключала, паводле тагачаснага савецкага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, г. Мінск (адміністрацыйны цэнтр), большую частку Мінскай (без усходніх раёнаў), Вілейскай (без паўночна-заходніх раёнаў), Баранавіцкую, паўночныя раёны Пінскай і адзін раён Брэсцкай вобласці. Гэта тэрыторыя разам з Латвіяй, Літвой і Эстоніяй была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» з цэнтрам у г. Рыга (Латвія).

На час стварэння плошча генеральнай акругі «Беларусь» складала 53 тыс. км², г. зн. чвэрць ад даваеннай тэрыторыі Беларускай ССР (223 тыс. км²), з насельніцтвам 2,4 млн чалавек (у БССР на 1941 было 10,2 млн жыхароў). Планавалася значна пашырыць тэрыторыю генеральнай акругі на ўсход і перанесці яе цэнтр у г. Смаленск (Расія) пасля меркаванай перамогі Германіі ў вайне супраць СССР.

У адміністрацыйна-тэрытарыяльных адносінах генеральная акруга падзялялася на 10 малых акруг («гебітаў»): Баранавіцкую (г. Баранавічы, Гарадоцкі, Клецкі, Ляхавіцкі, Мірскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі раёны Баранавіцкай вобласці), Барысаўскую (да зоны адказнасці грамадзянскай адміністрацыі адносілася толькі частка Барысаўскага раёна Мінскай вобласці на захад ад р. Бярэзіна, да якой у пачатку 1943 са складу Мінскай акругі былі далучаны Бягомльскі і Плешчаніцкі раёны Мінскай вобласці), Вілейскую (г. Вілейка, Ільянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі раёны Вілейскай вобласці і Валожынскі раён Баранавіцкай вобласці), Ганцавіцкую [Ганцавіцкі, Лагішынскі, Целяханскі, Ленінскі (без паўднёвай часткі) раёны і паўночная частка Лунінецкага раёна Пінскай вобласці], Глыбоцкую (Браслаўскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пастаўскі, Пліскі, Шаркаўшчынскі раёны Вілейскай вобласці), Лідскую (Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Іўеўскі, Лідскі, Шчучынскі, Юрацішкаўскі раёны Баранавіцкай вобласці), Мінскую (Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Уздзенскі, а да пачатку 1943 таксама Бягомльскі і Плешчаніцкі раёны Мінскай вобласці), Навагрудскую (Дзятлаўскі, Івянецкі, Карэліцкі, Любчанскі, Навагрудскі раёны Баранавіцкай вобласці), Слонімскую (Быценскі і Казлоўшчынскі раёны, частка Зэльвенскага раёна Баранавіцкай вобласці і Косаўскі раён Брэсцкай вобласці), Слуцкую (Грэскі, Капыльскі, Слуцкі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі раёны Мінскай вобласці). Правы́ асобнай акругі меў г. Мінск.

У раёнах замест сельсаветаў былі створаны воласці.

З пачатку існавання да сакавіка 1943 г. акрамя дзялення на малыя акругі генеральная акруга «Беларусь» падзялялася таксама на 2 галоўныя акругі — Баранавіцкую (Баранавіцкая, Ганцавіцкая, Лідская, Навагрудская, Слонімская акругі) і Мінскую, якімі кіравалі галоўныя камісары (адпаведна Ф. Ё. Фенц і К. Эгер).

Вышэйшым органам грамадзянскай акупацыйнай адміністрацыі ў генеральнай акрузе «Беларусь» з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусі на чале з генеральным камісарам (да 22 верасня 1943 В. Кубэ, знішчаны савецкімі падпольшчыкамі; потым выконваючы абавязкі генеральнага камісара К. фон Готберг). У кожнай акрузе дзейнічаў акруговы (у Мінску гарадскі) камісарыят на чале з акруговым камісарам. Выканаўчымі органамі грамадзянскай адміністрацыі з’яўляліся таксама гарадскія і раённыя камісарыяты, мясцовыя дапаможныя органы (управы) гарадскога, валаснога і раённага звяна, створаныя з ліку калабарацыяністаў.

На тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь» былі таксама палявыя (гарады Мінск, Баранавічы, Барысаў, Вілейка, Слуцк) і мясцовыя камендатуры нямецка-фашысцкай арміі, центральнае і акруговыя ўпраўленні СС і паліцыі, іншыя нямецкія арганізацыі і ўстановы.

Ваенныя і паліцэйскія ўлады звычайна дзейнічалі ў цесным кантакце з цывільнай адміністрацыяй, але часам умешваліся ў яе кампетэнцыі, сваімі крывавымі і грабежніцкімі акцыямі супраць мясцовага насельніцтва перашкаджалі нямецкім гаспадарнікам «цывілізавана» рабаваць яго, зрывалі намаганні нацысцкіх прапагандыстаў схіліць беларускі народ да супрацоўніцтва з акупантамі.

Указам А. Гітлера ад 25 лютага 1944 г. да генеральнай акругі «Беларусь» былі далучаны Брэсцкая (Брэсцкі, Дамачаўскі, Жабінкаўскі, Маларыцкі раёны Брэсцкай вобласці), Кобрынская (Антопальскі, Бярозаўскі, Дзівінскі раёны Брэсцкай вобласці і Драгічынскі раён Пінскай вобласці), Пінская (Давыд-Гарадоцкі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лунінецкі, Столінскі і часткова Ленінскі раёны і г. Пінск Пінскай вобласці) акругі са складу рэйхскамісарыята «Украіна», а таксама частка генеральнай акругі «Літва» рэйхскамісарыята «Остланд» разам з г. Вільнюс. Іншым указам А. Гітлера ад 1 красавіка 1944 г. генеральная акруга «Беларусь» была вылучана з рэйхскамісарыята «Остланд» у асобны камісарыят з непасрэдным падпарадкаваннем міністэрству акупіраваных усходніх тэрыторый. Выконваючы абавязкі генеральнага камісара Беларусі групенфюрар СС К. фон Готберг адначасова выконваў абавязкі вышэйшага кіраўніка СС і паліцыі Цэнтральнай Расіі. Яго паліцэйская і цывільная ўлада фактычна пашыралася і на зону тылу групы армій «Цэнтр», якая з восені 1943 г. поўнасцю знаходзілася на тэрыторыі ўсходніх і часткова цэнтральных раёнаў Беларусі.

Генеральная акруга «Беларусь» ліквідавана да канца ліпеня 1944 г. у выніку вызвалення Чырвонай арміяй тэрыторыі Беларусі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г.