Дата стварэння: 05.05.2023 11:58:32
Дата змены: 22.08.2025 11:55:01
Івяне́цкі падпо́льны міжрайпартцэ́нтр
Івянецкі падпольны міжраённы партыйны цэнтр.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Валожынскага, Івянецкага, Ляхавіцкага, Мірскага і Стаўбцоўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Утвораны 19 сакавіка 1943 г. рашэннем Цэнтральнага камітэта КП(б)Б, дзейнічаў з 14 красавіка 1943 г. пад кіраўніцтвам Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б.
Узначальваў партыйнае падполле і партызанскую барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праводзіў палітычную і арганізатарскую работу сярод насельніцтва раёнаў сваёй зоны і партызан. Накіроўваў дзейнасць Івянецкага падпольнага міжрайцэнтра ЛКСМБ.
Базіраваўся ў Івянецка-Налібоцкай партызанскай зоне.
У жніўні 1943 г. у сувязі са стварэннем Ляхавіцкага падпольнага райкама КП(б)Б спыніў сваю дзейнасць у Ляхавіцкім раёне, 2 кастрычніка 1943 г. з фарміраваннем Стаўбцоўскага падпольнага міжрайпартцэнтра — у Мірскім і Стаўбцоўскім раёнах.
Скасаваны 19 снежня 1943 г. рашэннем Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б пасля стварэння Валожынскага падпольнага райкама КП(б)Б і Івянецкага падпольнага райкама КП(б)Б, якія падпарадкоўваліся непасрэдна абкаму.
Кіраўнік Р. А. Сідарок, намеснік па ваенна-аператыўнай рабоце Р. Л. Васілевіч, намеснік па партыйным падполлі і партыйна-масавай рабоце Г. В. Будай.
Р. А. Сідарок ажыццяўляў партыйна-палітычнае і ваенна-аператыўнае кіраўніцтва дзеяннямі партызан на тэрыторыі раёнаў, што ўваходзілі ў зону адказнасці міжрайпартцэнтра, да ліпеня 1944 г. [з мая 1944 фактычна выконваў абавязкі сакратара Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б].