ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1-я АСІПОВІЦКАЯ, Магілёўскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я АСІПОВІЦКАЯ

Дата стварэння: 05.05.2023 12:04:46

Дата змены: 10.07.2025 14:29:22


Партыза́нская брыга́да 1‑я Асіпо́віцкая

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Асіповіцкага і Бабруйскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Чэрвеньскага і Пухавіцкага раёнаў Мінскай вобласці.

У студзені 1943 г. камандаванне партызанскага атрада 210‑га арганізацыйна аформіла і падпарадкавала свайму кіраўніцтву атрады 211‑ы, 212‑ы, 213‑ы. У лютым 1943 г. на падставе рашэння ўпаўнаважанага ЦК КП(б)‌Б па Магілёўскай вобласці загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра гэта група атрадаў вызначана як партызанская брыгада 1‑я Асіповіцкая ў яго складзе. З красавіка 1943 г. брыгада ўваходзіла ў ваенна-аператыўную групу (ВАГ) пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)‌Б.

Асноўныя ўдары партызаны наносілі на чыгунках Пухавічы — Жлобін, Слуцк — Асіповічы — Магілёў, Вярэйцы — Градзянка. У ліпені 1943 г. разбурылі 2 км чыгункі і знішчылі мост на ўчастку Асіповічы — Татарка. Вялі сістэматычныя баі па ачышчэнні раёна дыслакацыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, абароне Клічаўскай партызанскай зоны.

У ліпені 1943 г. у сувязі са стварэннем Асіповіцкай ВАГ брыгада, якая налічвала 540 партызан, была расфарміравана.

Камандзіры брыгады: М. П. Каралёў, С. С. Сумчанка (выконваў абавязкі); камісары: А. В. Шыянок (выконваў абавязкі), В. В. Глотаў; начальнікі штаба: А. I. Лукашэнка (выконваў абавязкі), В. В. Глотаў, П. А. Маркоўскі.

Камандзіру брыгады М. П. Каралёву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.