Дата стварэння: 05.05.2023 12:05:24
Дата змены: 15.05.2025 15:21:54
Партыза́нская брыга́да «Перамо́га»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Зэльвенскага, Слонімскага, Дзятлаўскага і Казлоўшчынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў снежні 1943 г. загадам упаўнаважанага Цэнтральнага камітэта КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Шчучынскай зоне на базе атрада «Перамога» колькасцю 471 партызан (арганізаваны ў маі 1942), вылучанага партызанскай брыгадай Ленінскай. Пры фарміраванні брыгады былі арганізаваны атрады імя А. В. Суворава, імя В. М. Молатава, імя С. М. Будзённага; 21 красавіка 1944 г. арганізаваны атрад «1 Мая».
Партызаны ў лютым — красавіку 1944 г. на чыгуначным участку Слонім — Ваўкавыск падарвалі 13 эшалонаў, на шашэйных і грунтавых дарогах знішчылі 22 масты, каля 8 км тэлеграфна-тэлефоннай лініі. Правялі 17 баёў, у т. л. на дарозе Слонім — Казлоўшчына, знішчылі 10 аўтамашын, захапілі 2 гарматы, 3 мінамёты, 13 кулямётаў, 55 вінтовак. У час карнай аперацыі супраць партызан Шчучынскай зоны (чэрвень 1944) утрымлівалі абарону на р. Шчара, у ноч на 11 чэрвеня 1944 г. прарвалі варожую блакаду на дарозе Слонім — Вільнюс, у ноч на 19 чэрвеня каля в. Дзераўная другі раз прарвалі акружэнне, у баі падбілі 2 танкі.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 13 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. В. Суворава, імя В. М. Молатава, імя С. М. Будзённага, «1 Мая», у якіх налічваўся 901 партызан.
Камандзір брыгады П. I. Булак; камісары: Р. Г. Іўліеў (загінуў), С. П. Смірноў (выконваў абавязкі); начальнікі штаба: М. Н. Бурцаў, М. С. Крываў.