РЭЙКАВАЯ ВАЙНА, умоўная назва аперацый савецкіх партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага
pdf

«РЭЙКАВАЯ ВАЙНА»

Дата стварэння: 05.05.2023 12:10:38

Дата змены: 27.02.2025 16:12:09


РЭЙКАВАЯ ВАЙНА, умоўная назва аперацый савецкіх партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага

Вугальная міна і вынайдзеныя падпольшчыкамі «чатырохножкі», якія прымяняліся падчас дыверсій на чыгуначнай станцыі Орша Віцебскай вобласці і шашэйных дарогах. 1941–1943 гг.

РЭЙКАВАЯ ВАЙНА, умоўная назва аперацый савецкіх партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага

Партызаны брыгады «Жалязняк» Мінскай вобласці вядуць бой на чыгунцы.

РЭЙКАВАЯ ВАЙНА, умоўная назва аперацый савецкіх партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага

Былыя партызаны-заслонаўцы А. В. Бухавец і А. Ф. Арцішук з маладымі чыгуначнікамі на месцах баёў атрада «Дзядзькі Косці» каля г. Орша Віцебскай вобласці. 10 мая 1984 г.

РЭЙКАВАЯ ВАЙНА, умоўная назва аперацый савецкіх партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага

Былы камандзір 8-й Круглянскай партызанскай брыгады Герой Савецкага Саюза С. Г. Жунін расказвае школьнікам аб «Рэйкавай вайне». Каля чыгуначнай станцыі Слаўнае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці.

«Рэ́йкавая вайна́»

Умоўная назва аперацый савецкіх партызан у Вялікую Айчынную вайну па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага з мэтай дэзарганізацыі ваенных перавозак.

З’явілася натуральным працягам барацьбы партызан на варожых чыгуначных камунікацыях. Колькасны рост партызанскіх фарміраванняў, арганізацыйнае ўмацаванне іх радоў, вялікі вопыт барацьбы далі магчымасць Цэнтральнаму штабу партызанскага руху (ЦШПР) праводзіць буйныя каардынаваныя аперацыі па вывадзе са строю чыгуначных камунікацый ворага метадам адначасовага масіраванага ўдару па ўсёй акупіраванай гітлераўцамі савецкай тэрыторыі. Удзельнічалі партызаны Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Ленінградскай, Калінінскай, Смаленскай, Арлоўскай абласцей. Аперацыі «Рэйкавай вайны» планаваліся ЦШПР і звычайна праводзіліся напярэдадні ці ў час наступлення Чырвонай арміі на франтах.

На Беларусі ў 1943–1944 гг. «Рэйкавая вайна» праводзілася ў 3 этапы. ЦК КП(б)‌Б 24 чэрвеня 1943 г. прыняў пастанову «Аб разбурэнні чыгуначных камунікацый ворага метадам “рэйкавай вайны”». Беларускі штаб партызанскага руху распрацаваў канкрэтныя мерапрыемствы па ажыццяўленні плана аперацый і вызначыў атрадам і брыгадам участкі чыгунак і колькасць рэек, якія трэба падарваць (усяго 110,7 тыс.). У партызанскія злучэнні накіраваны інструктары-мінёры, лётчыкі зрабілі 90 самалёта-вылетаў у тыл ворага, за перыяд з 16 ліпеня да 5 жніўня 1943 г. даставілі беларускім партызанам 144 т грузаў, у т. л. 36,5 т толу, 522 процітанкавыя міны запаволенага дзеяння МЗД‑5, больш за 60 тыс. м бікфордава і 1,5 тыс. м дэтанатарнага шнура і шмат іншых сродкаў баявога забеспячэння.

Першы этап пачаўся ў ноч на 3 жніўня 1943 г., калі каля 74 тыс. партызан Беларусі нанеслі магутны ўдар па чыгуначных камунікацыях акупантаў у час контрнаступлення савецкіх войск пад г. Курск, і працягваўся да сярэдзіны верасня 1943 г. На чыгунках Беларусі за 2 ночы (3 і 4 жніўня) узарвана 36 тыс. рэек, да канца жніўня — сярэдзіны верасня — больш за 121 тыс. рэек, поўнасцю выведзены са строю чыгункі Бабруйск — Старушкі, Жлобін — Калінкавічы, Цімкавічы — Асіповічы; чыгунка Полацк — Маладзечна не дзейнічала 15 дзён, Мінск — Маладзечна — 10 дзён, на чыгунках Магілёў — Крычаў, Полацк — Даўгаўпілс, Магілёў — Жлобін рух быў спынены на працягу ўсяго жніўня. Пушчаны пад адхон 833 варожыя эшалоны і 3 бронепаязды, узарвана 184 чыгуначныя масты і 556 мастоў на шашэйных і грунтавых дарогах, знішчана 1 429 аўтамашын і 392 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі, вялікая колькасць жывой сілы, ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў і гаручага. Адначасова праводзіліся аперацыі па разгроме нямецка-фашысцкіх гарнізонаў (гл. Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943 г., Тошчыцкі бой 1943 г.) і дыверсіі на чыгуначных станцыях. У ходзе аперацый «Рэйкавай вайны» партызаны ўзарвалі вадакачкі і пашкодзілі воданапорную сетку на станцыях Жлобін, Салтанаўка, Пухавічы і Верайцы (на чыгунцы Мінск — Гомель), Прыбар і Нахаў (на ўчастку Калінкавічы — Гомель), Дашкаўка (на ўчастку Магілёў — Жлобін), Коханава (на ўчастку Мінск — Орша) і інш. У выніку «Рэйкавай вайны» ў жніўні 1943 г. перавозкі для нямецкай групы армій «Цэнтр» скараціліся на 40 %. «Рэйкавая вайна» выклікала яшчэ большы размах усенароднай партызанскай барацьбы. Толькі ў жніўні 1943 г. колькасць беларускіх партызан павялічылася на 17,6 тыс. чалавек.

Другі этап «Рэйкавай вайны» пад умоўнай назвай «Канцэрт» праводзіўся з 19 верасня да пачатку лістапада 1943 г. — у 1‑ы перыяд вызвалення Беларусі. Партызаны падарвалі больш за 90 тыс. рэек, 1 041 эшалон, 72 чыгуначныя масты, знішчылі больш за 400 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі сувязі і інш. У выніку двух этапаў «Рэйкавай вайны» вораг быў вымушаны падвоіць колькасць дывізій для аховы камунікацый; паводле звестак нямецкага Генштаба, на 1 жніўня 1943 г. для аховы вылучаны 7 пяхотных дывізій, на 1 кастрычніка 1943 г. — 14.

Трэці этап пачаўся ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г., быў узгоднены з дзеяннямі Чырвонай арміі, ахапіў усю акупіраваную тэрыторыю Беларусі і працягваўся да поўнага вызвалення рэспублікі. ЦК КП(б)‌Б 7 чэрвеня 1944 г. зацвердзіў план аперацыі. Кожнаму атраду і брыгадзе быў намечаны пэўны ўчастак чыгункі і колькасць рэек, якія трэба знішчыць.

Усяго партызаны рэспублікі павінны былі падарваць 48,1 тыс. рэек на самых важных участках чыгункі. Самалётамі дастаўлена 52 т толу, 110,6 тыс. м бікфордава і дэтанатарнага шнура, 198,5 тыс. капсуляў-дэтанатараў, вялікая колькасць зброі і боепрыпасаў. Падарвана 61 тыс. рэек (у першы дзень — 40 775), знішчана 8 чыгуначных мастоў. Поўнасцю выведзены са строю найбольш важныя чыгуначныя лініі, часткова паралізаваны перавозкі ворага амаль на ўсіх дарогах Беларусі. Упершыню ў гісторыі вайны партызанамі была праведзена аперацыя такога маштабу і з такімі вынікамі ў цесным аператыўна-тактычным узаемадзеянні з рэгулярнай арміяй. Скаардынаваныя ўдары партызан па чыгуначных камунікацыях ворага метадам «Рэйкавай вайны» мелі аператыўна-стратэгічнае значэнне ў ходзе наступлення Чырвонай арміі.