Дата стварэння: 05.05.2023 12:11:25
Дата змены: 11.09.2024 14:23:04
Саю́з белару́скай мо́ладзі (СБМ)
Прагерманская маладзёжная арганізацыя на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі, Германіі і акупіраваных ёй краін Еўропы ў 1943–1945 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Створаны 22 чэрвеня 1943 г. на ўзор германскага саюза гітлераўскай моладзі (гітлерюгенд) паводле загаду генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ.
Дзейнічаў пад кантролем аддзела моладзі Генеральнага камісарыята Беларусь (кіраўнікі В. Шульц, В. Гроземан) і гітлераўскіх спецслужбаў. Вышэйшы орган СБМ — Кіруючы штаб на чале з М. Ганько (юнакі і хлопчыкі) і Н. Абрамавай (дзяўчыны і дзяўчынкі). Штаб знаходзіўся ў Мінску, з ліпеня 1944 г. у Берліне; са снежня 1943 г. падпарадкоўваўся таксама Беларускай цэнтральнай радзе. Пры штабе было 5 аддзелаў, у т. л. рабочая група СБМ «Германія», якая вяла работу сярод беларускіх дзяцей і моладзі ў Германіі і акупіраваных ёй краінах Еўропы.
На месцах арганізоўваліся акруговыя і раённыя («павятовыя») штабы «саюза».
Друкаваныя органы: часопіс «Жыве Беларусь!», газета «Юнацкі покліч»; вучэбна-метадычныя выданні: «Дзённік загадаў», «Вучэбны лісток», «Служба юначак».
СБМ быў створаны па ініцыятыве германскіх улад. З самага пачатку ён планаваўся як беларуская маладзёжная самастойная арганізацыя, падначаленая нямецкім уладам. Яе галоўнай мэтай была падрыхтоўка новай генерацыі беларусаў у духу германскага нацыянал-сацыялізму.
Ствараючы СБМ, нацысты свядома разглядалі яго як адну з крыніц вярбоўкі працоўнай сілы для Германіі.
Мэты, задачы, функцыі і межы дзейнасці СБМ былі выкладзены ў статуце і праграме, якія зацвердзіў В. Кубэ.
Саюз павінен быў аб’ядноўваць беларускую моладзь ва ўзросце 10–20 гадоў, яго дзейнасць будавалася на жорсткім прынцыпе фюрарства (правадырызму).
Каб падкрэсліць ваенізаваны характар арганізацыі, былі ўведзены ўніформа, спецыяльныя званні для кіраўнікоў розных узроўняў, знакі адрознення, а таксама афіцыйная сімволіка (эмблема і сцяг).
Кожны, хто ўступаў у арганізацыю, падаваў індывідуальна заяву ў двух экзэмплярах на імя шэфа штаба, пасля праходжання кандыдацкага стажу даваў клятву і на працягу 1–6 месяцаў залічваўся ў члены «саюза». СБМ фінансаваўся за кошт узносаў яго членаў, прыбыткаў ад правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, ахвяраванняў грамадзян і арганізацый, бюджэтных сродкаў нямецкіх акупацыйных улад, адлічэнняў германскіх прадпрыемстваў, што выкарыстоўвалі працоўную сілу яго членаў.
Пярвічным звяном СБМ была дружына, у якую ўваходзілі 15–20 членаў аднаго ўзросту і полу; 3–5 дружын складалі грамаду (для юнакоў) і гурток (для дзяўчат). На чале дружыны стаяў дружыновы (дружыновая), грамады — грамадовы, гуртка — гуртовая, якіх прызначаў акруговы кіраўнік. У кожным раёне («павеце») з дружын і грамад (гурткоў) ўтвараліся звязы (для юнакоў) і кругі (для дзяўчат), іх узначальвалі звязовы і важатая, што прызначаліся кіруючым штабам СБМ.
Для падрыхтоўкі кіруючых кадраў саюза былі адкрыты школы ў Альбярціне (Слонімскі раён Баранавіцкай вобласці, цяпер у межах г. Слонім Гродзенскай вобласці), Драздах (пад Мінскам), в. Флер’янова (Ляхавіцкі раён Баранавіцкай, цяпер Брэсцкай вобласці) і Мінску (пры кіруючым штабе). За чэрвень 1943 г. — ліпень 1944 г. на акупіраванай тэрыторыі Беларусі было падрыхтавана каля 1 500 функцыянераў малодшага, сярэдняга і вышэйшага звяна СБМ.
На 1 ліпеня 1944 г. адзінкі СБМ былі створаны ў 16 акругах і больш як 60 раёнах («паветах»), у іх налічвалася больш за 12,6 тыс. чалавек, з якіх 3,5 тыс. былі аб’яднаны ў рабочую групу СБМ «Германія» і працавалі на ваенных прадпрыемствах Германіі і акупіраваных краін Еўропы.
Члены СБМ прыцягваліся да ваеннна-будаўнічых і гаспадарчых работ на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. З вясны 1944 г. пад эгідай СС і СБМ пачалася вярбоўка беларускай моладзі ў ваенна-дапаможныя фарміраванні вермахта і люфтвафэ, Беларускую краёвую абарону, беларускія паліцэйскія батальёны.
Стварэнне СБМ суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй, скіраванай на тое, каб паказаць змену адносін Германіі да Беларусі. Ствараючы СБМ, акупанты спадзяваліся шляхам розных абмежаванняў, пільнага нагляду цвёрда трымаць яго ў сваіх руках, імкнуліся схіліць моладзь на свой бок для папаўнення працоўнай сілы, ваенна-дапаможных і паліцэйскіх фарміраванняў.
Савецкае падполле правяло вялікую працу па разлажэнні і дыскрэдытацыі СБМ. Важную ролю адыграла пісьмо ЦК ЛКСМБ «Аб рабоце камсамола Беларусі па выкрыцці і разлажэнні гітлераўскай маладзёжнай арганізацыі Саюз беларускай моладзі, у якім адзначалася, што «не трэба недаацэньваць небяспекі, якая зыходзіць ад правакацыйнай работы немцаў па стварэнні СБМ. Ад камсамольскіх арганізацый патрабуецца неадкладны і рашучы разварот працы па выкрыцці, дыскрэдытацыі СБМ, папярэджанні моладзі аб небяспецы, а таксама па разлажэнні ўжо створаных арганізацый і знішчэнні яго верхаводаў». Пад уплывам перамог Чырвонай арміі, прапагандысцкай і арганізацыйнай дзейнасці савецкага падполля многія радавыя члены і некаторыя кіраўнікі СБМ пераходзілі на бок партызан.
Частка актыўных членаў (каля 3 тыс. чалавек) пакінула Беларусь разам з адступаючымі часцямі германскай арміі.
Дзейнасць СБМ працягвалася сярод беларускіх дзяцей і моладзі, якія знаходзіліся (у т. л. на прымусовых работах) на тэрыторыі Германіі і акупіраваных краін Еўропы да вясны 1945 г.
За ўдзел у СБМ пасля вайны судзілі як за здраду Радзіме, садзейнічанне акупантам і інш.