ДЗЯРЭЗКАВЫЯ, сямейства вышэйшых споравых раслін класа Дзеразападобныя
pdf

ДЗЯРЭЗКАВЫЯ

Дата стварэння: 31.10.2024 14:24:39

Дата змены: 25.03.2025 12:14:34


Аддзел

Дзеразападобныя

Lycopodiophyta D. H. Scott

Клас

Дзеразападобныя

Lycopodiopsida Bartl.

Сямейства

Дзярэзкавыя

Lycopodiellaceae Val. N. Tikhom.


ДЗЯРЭЗКАВЫЯ, сямейства вышэйшых споравых раслін класа Дзеразападобныя

Дзярэзка заліўная (фота: А. М. Мялік).

Дзярэ́зкавыя (Lycopodiellaceae Val. N. Tikhom.), сямейства вышэйшых споравых раслін класа Дзеразападобныя.

Сямейства аб’ядноўвае каля 50–60 відаў раслін, якія складаюць 5 родаў: латэрыстахіс (Lateristachys Holub), 3–4 віды, Аўстралія; ілжэлікападыела (Pseudolycopodiella Holub), 10–16 відаў, пераважна Паўночная і Паўднёвая Амерыка; палайнея (Palhinhaea Franco et Vasc.), 25–27 відаў, тропікі і субтропікі; браўнсея (Brownseya Li Bing Zhang, L. D. Sheph., D. K. Chen, X. M. Zhou et H. He), адзін від, Аўстралія і Новая Зеландыя і дзярэзка (Lycopodiella Holub), 12–15 відаў, умераная зона Паўночнага паўшар’я і трапічная Амерыка.

У Беларусі расце адзін від гэтага сямейства — дзярэзка заліўная [Lycopodiella inundata (L.) Holub].

Шматгадовыя або малагадовыя вечназялёныя расліны з анізатомна галінаванымі парасткамі: доўгімі паўзучымі па паверхні глебы і па ўсёй даўжыні ўкаранёнымі плагіятропнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць артатропныя галінкі, што маюць абмежаваны рост. Прыдаткавыя карані прарастаюць праз кару амаль перпендыкулярна сцяблу. Спарафілы адрозніваюцца ад вегетатыўнага лісця, жывуць нядоўга, фарміруюць сядзячыя або размешчаныя на ножцы спараносныя каласкі. Спарангіі пазушныя або размешчаныя на самай аснове спарафіла; бакавыя сценкі эпідэрмісу спарангіяў маюць прамыя, неадраўнелыя клеткі, за выключэннем невялікіх адраўнелых (лігніфіцыраваных) патаўшчэнняў. Споры маршчыніста-сеткаватыя, з невыразнай сеткаватай паверхняй, хутка прарастаюць. Гаметафіт часткова надземны, фотасінтэзуючы, кароткажывучы, складаецца з падземнай і зялёнай надземнай частак.

З’яўленне асноўных родаў у сямействе, паводле даных малекулярнай сістэматыкі, адбылося каля 118,8 млн гадоў таму ў час мелавой сістэмы (перыяду): спачатку адбылося аддзяленне роду дзярэзка, які быў распаўсюджаны пераважна ў Лаўразіі, ад астатніх родаў сямейства, якія раслі ў Гандване.