Дата стварэння: 31.10.2024 14:49:42
Дата змены: 12.03.2025 15:38:05
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Дзеразападобныя Lycopodiopsida Bartl. |
Сямейства Дзеразовыя Lycopodiaceae P. Beauv. ex Mirb. |
Род Дзераза Lycopodium L. |
Дзераза́ (Lycopodium L.), род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзеразовыя.
Вядома каля 15 відаў, распаўсюджаных пераважна ў Паўночным паўшар’і: у паўночных і ўмерана цёплых рэгіёнах, у гарах тропікаў.
У Беларусі адзін від — дзераза булавападобная (Lycopodium clavatum L.).
Расце ў хвойных, пераважна ў хваёвых і мяшаных лясах, па ўзлесках, у зеленамохавых барах.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з цыліндрычнымі анізатомна галінаванымі парасткамі (доўгімі паўзучымі па паверхні глебы і ўкараняльнымі плагіятропнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць надземныя артатропныя галіны, што маюць абмежаваны рост). Лісце сядзячае, суцэльнае, лінейнае або вузкаланцэтнае, доўгазавостранае, на канцы з бясколерным валаском, размешчанае па 6–10 у радах. Спараносныя каласкі (стробілы) вельмі рэдка 1, часцей 2–5, на ножках, выразна адмежаваны ад аблісценай часткі галіны. Спарафілы яйцападобныя, з шырокай асновай, акаймаваныя, завостраныя, рэзка адрозніваюцца ад вегетатыўнага лісця. Споры ячэістыя, тэтраэдрычныя. Ва ўмовах Беларусі спараносіць у чэрвені — жніўні. Споры прарастаюць у цемры пасля перыяду спакою. Гаметафіты падземныя, мікагетэратрофныя, развіваюцца да 15 гадоў, рэдзькападобныя з верхняй гаметангіяльнай зонай.
Лекавая, інсектыцыдная расліна. Споры і трава выкарыстоўваюцца як спазмалітычны, дыўрэтычны, жаўцягонны сродак пры захворваннях печані і інш. Споры, таксама як споры дыфазіястраў і спінулюма гадавога, выкарыстоўваюцца ў якасці дзіцячай прысыпкі, пры пролежнях, для абсыпання пілюль. Раней яны мелі вялікае значэнне ў металургіі, дзе іх выкарыстоўвалі для абсыпання формаў пры выплаўцы чыгуну, асабліва пры фасонным ліцці.