Дата стварэння: 11.06.2025 14:05:50
Дата змены: 13.03.2026 09:54:22
Агракліматы́чныя ка́рты
Спецыяльныя кліматычныя карты, якія ілюструюць клімат як фактар сельскагаспадарчай вытворчасці. Складаюцца з улікам базы даных аграметэаралагічных і метэаралагічных станцый. Характарызуюць комплекс агракліматычных рэсурсаў пэўных тэрыторый, кліматычныя ўмовы развіцця асобных культур, адметныя віды кліматычных рэсурсаў сельскай гаспадаркі па паказчыках, найбольш прыдатных для практыкі (напрыклад, сумы актыўных тэмператур, працягласць вегетацыйнага перыяду), кліматычныя з’явы, небяспечныя для сельскай гаспадаркі, тэрміны вегетацыі культур.
Агракліматычныя карты публікуюць у агракліматычных даведніках, геаграфічных атласах і інш.
Вялікі блок агракліматычных карт змешчаны ў Нацыянальным атласе Беларусі (Мінск, 2024).
Выкарыстоўваюцца для абгрунтавання агракліматычнага раянавання, рацыянальнага выкарыстання кліматычных рэсурсаў, планавання тэрмінаў сельскагаспадарчых работ і інш.