У́кля
Іншая назва: Укла.
Возера ў Браслаўскім раёне (на мяжы з Міёрскім раёнам) Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Вята, за 18 км на паўднёвы ўсход ад горада Браслаў, паміж вёскамі Укля і Галубоўшчына.
Вузкай забалочанай касой аддзелена ад возера Абстэрна.
Плошча 9,83 км², даўжыня 5,8 км, максімальная шырыня 2,78 км, максімальная глыбіня 25 м. Аб’ём вады 55,3 млн м³. Празрыстасць вады 2,6 м. Даўжыня берагавой лініі 19,9 км, на паўднёвым усходзе ўтварае глыбакаводны заліў (затоку). Плошча вадазбору 69,3 км².
Катлавіна запруднага тыпу, лопасцевай формы, выцягнутая з захаду на ўсход.
Схілы на поўначы і поўдні вышынёй 10–12 м, стромкія, на захадзе і ўсходзе — нізкія, забалочаныя.
Берагі нізкія, на захадзе і ўсходзе забалочаныя, у заліве высокія, загрувашчаныя валунамі.
Дно да глыбіні 3–3,5 м выслана пяском і глеем з дамешкам пяску, глыбей — сапрапелем.
Зарастае да глыбіні 2–2,5 м.
Водзяцца сняток, шчупак, вугор рачны, лешч, верхаводка, гусцяра, пячкур, язь, карась сярэбраны, плотка, краснапёрка, лінь, мянтуз, акунь, джгір, судак.
На ўсходзе выцякае ручай у возера Абстэрна, на захадзе ўпадае ручай з возера Інава, на поўдні і поўначы — некалькі невялікіх ручаёў.
Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёр.