НЯСЛУХА, у верхнім цячэнні называецца Стрымня, рака ў Драгічынскім і Іванаўскім раёнах Брэсцкай вобласці
pdf

НЯСЛУХА

Дата стварэння: 22.05.2025 10:55:06

Дата змены: 07.07.2025 11:24:00


Няслу́ха

У верхнім цячэнні называецца Стрымня.

Рака ў Драгічынскім і Іванаўскім раёнах Брэсцкай вобласці. Даўжыня 32 км.

Левы прыток ракі Піна. Асноўныя прытокі: Самараўка, Струга (левыя).

Пачынаецца каля вёскі Заплессе Драгічынскага раёна, цячэ ў межах раўніны Загароддзе і нізіны Прыпяцкае Палессе. Вусце каля вёскі Патапавічы Іванаўскага раёна.

Плошча вадазбору 422 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,5 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,5 ‰. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 16 %.

Даліна пераважна невыразная, у ніжнім цячэнні трапецападобная, шырыня да 2 км. Схілы спадзістыя, адкрытыя, вышынёй 6–8 м.

Пойма двухбаковая, шырынёй 50–100 м (правабярэжная) і 10–50 м (левабярэжная).

Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу, яго шырыня ў вярхоўі 4–10 м, у нізоўі 16–20 м.

Берагі стромкія, пясчаныя, вышынёй 2–3 м.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 30 % аб’ёму гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка, максімальная вышыня над межанным узроўнем 2,6 м.

Вясновы крыгаход 1–3 сутак.

Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.