ВОЎПАЎСКАЕ, вадасховішча ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці
pdf

ВОЎПАЎСКАЕ

Дата стварэння: 07.08.2025 14:51:43

Дата змены: 22.01.2026 13:11:15


location Google location Yandex

Воўпаўскае, вадасховішча ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці


Во́ўпаўскае

Вадасховішча ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці.

Размешчана за 23 км на поўнач ад горада Ваўкавыск, каля аграгарадка Воўпа, на рацэ Рось.

Пабудавана ў 1955 г.

Плошча 1,2 км², даўжыня 5,6 км, максімальная глыбіня 5,4 м, максімальная шырыня 0,9 км. Аб’ём вады 1,70 млн м³.

Вадазбор (плошча 1170 км²) з’яўляецца хвалістай платопадобнай раўнінай (разаранасць больш чым 50 %, залесенасць 20 %, забалочанасць 7 %).

Моцнапраточнае, сярэдні гадавы сцёк 197 млн м³. Катлавіна выцягнута ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш чым 60 % плошчы), 9 астравоў агульнай плошчай 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія (даўжыня 18 км) парэзаная, 2 залівы (затокі). Берагі абрывістыя, заходнія — вышынёй да 4 м, паўднёвыя — 1,5–2 м. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Рэчышчавае, сутачнага рэгулявання.

Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 241 м, максімальная вышыня 6 м), вадаскід, ГЭС.

Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Волпаўская ГЭС), для адпачынку і аматарскага рыбалоўства.

На беразе знаходзяцца зона адпачынку Воўпа, санаторый «Энергетык». Абслугоўваецца сельскагаспадарчым камунальным УП «Воўпа».