Дата стварэння: 14.10.2024 10:15:01
Дата змены: 25.09.2025 10:17:59
Ле́пельскае
Іншая назва: Лепель.
Возера ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчана ў басейне ракі Ула (выцякае з возера), на паўночнай ускраіне горада Лепель.
Плошча 10,18 км², даўжыня 7,57 км, максімальная шырыня 2,03 км, максімальная глыбіня 33,7 м. Аб’ём вады 74,67 млн м³. Берагавая лінія (даўжыня 39,65 км) моцна звілістая, утварае шматлікія залівы, астравы і паўастравы. На возеры 7 астравоў плошчай 0,063 км². Празрыстасць вады 2 м. Плошча вадазбору 1 279,6 км².
Возера дзеліцца на 3 часткі, якія маюць мясцовыя назвы: паўночная — возера Кусцінскае (глыбіня 23 м), паўднёвая — возера Гарадоцкае (глыбіня 19,5 м), усходняя — возера Белае (глыбіня 33,7 м).
Катлавіна запруднага тыпу, складанай лопасцевай формы, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Падводная частка катлавіны ўскладнена мелямі на месцы былых астравоў і ўпадзінамі.
Схілы на поўдні і паўднёвым усходзе, месцамі на захадзе вышынёй да 25 м, стромкія, астатнія — да 10 м, спадзістыя, пад раллёй, на ўсходзе пад лесам.
Берагі нізкія, месцамі зараслі хмызняком, на поўдні і паўднёвым усходзе зліваюцца са схіламі, дзе-нідзе абразійныя.
Дно да глыбіні 7‒7,5 м выслана пяском, глыбей — сапрапелем.
Прыбярэжная расліннасць утварае паласу шырынёй ад 3 да 300 м. Зарастае на 20 % да глыбіні 1,2–3,2 м.
Водзяцца шчупак, лешч, мянтуз, язь, гусцяра, плотка, карась сярэбраны і залаты, верхаводка, ёрш, лінь, акунь, карп, судак, краснапёрка.
У возера ўпадаюць рэкі Эса (на поўдні) і Зеха (на поўначы), 3 ручаі.
У 1958 г. на Уле пабудавана Лепельская ГЭС, узровень возера падняўся прыблізна на 4 м, што істотна змяніла гідралагічны рэжым і канфігурацыю берагавой лініі.
Працягласць купальнага сезону 73 дні.
Выкарыстоўваецца для адпачынку і ў аздараўленчых мэтах. На беразе возера пансіянат «ЛАДЭ».