Дата стварэння: 14.10.2024 10:19:45
Дата змены: 29.12.2025 12:39:55
Э́са
Рака ў Крупскім раёне Мінскай вобласці, Чашніцкім і Лепельскім раёнах Віцебскай вобласці, у басейне ракі Заходняя Дзвіна (частка былой Бярэзінскай воднай сістэмы). Даўжыня 84 км.
Асноўныя прытокі: Дзяра́жынка (Гнілка), Байна, Свядзіца (справа).
Плошча вадазбору 1040 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,28 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Пачынаецца за 0,6 км на поўдзень ад вёскі Двор-Пярэсіка Крупскага раёна, з поўдня ўпадае ў возера Лепельскае, за 1 км на паўднёвы захад ад горада Лепель. Цячэ ў межах Верхнебярэзінскай нізіны і Ушацка-Лепельскага ўзвышша.
Даліна пераважна трапецападобная, шырыня яе ў верхнім цячэнні 2–3 км, ніжэй — да 1 км, дзе-нідзе да 6 км.
Пойма двухбаковая, у верхнім і сярэднім цячэнні шырынёй 300–600 м, месцамі пашыраецца да 0,5–1 км.
Рэчышча ў верхнім цячэнні ад вытоку на працягу 38 км каналізаванае, шырынёй у верхнім цячэнні 2–5 м, у сярэднім 5–12 м, у ніжнім 10–12 м.
Берагі стромкія, абрывістыя, у вярхоўі вельмі нізкія, шырынёй 0,2–0,3 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні 0,5–1,5 м, зрэдку 6–12 м.
Замярзае ў пачатку 3‑й дэкады снежня. Разводдзе звычайна з 3‑й дэкады сакавіка да канца мая, цягнецца 55 сутак.
Выкарыстоўваецца як прыёмнік меліярацыйных сістэм.