ПЛАЎНА, возера ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці
pdf

ПЛАЎНА

Дата стварэння: 14.10.2024 10:16:41

Дата змены: 18.11.2025 14:47:49


location Google location Yandex

Плаўна, возера ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці


Пла́ўна

Возера ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці.

Размешчана ў басейне ракі Сергуч (цячэ праз возера, злучаючы яго з азёрамі Манец на поўдні і Вольшыца на поўначы), за 42 км на ўсход ад горада Докшыцы.

Праз Бярэзінскі канал злучана з возерам Бярэшча.

Плошча 4,02 км², даўжыня 3,45 км, максімальная шырыня 1,75 км, максімальная глыбіня 2 м. Аб’ём вады 5,12 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 9,05 км. Плошча вадазбору 186,5 км².

Катлавіна рэшткавага тыпу, лопасцевай формы, выцягнутая з поўначы на поўдзень, сярод забалочанага лесу.

Схілы невыразныя.

Берагі нізкія, забалочаныя, на ўсходзе ўчасткамі вышынёй да 0,5 м, пясчаныя, на захадзе багністыя, зарослыя балотнай расліннасцю (дрыгва, сплавіна). Каля заходняга берага востраў плошчай 0,07 км², трапляюцца дрыгвяністыя астравы.

Дно плоскае, выслана сапрапелем.

Цалкам зарастае падводнай расліннасцю, шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці ад 5 да 25 м.

Водзяцца карась, лінь, шчупак, акунь, плотка, краснапёрка, лешч і інш.

На беразе гасцінічны комплекс «Плаўна» і паляўніча-рыбалоўная база.

Размешчана ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка.