СЕРГУЧ, рака ў Лепельскім раёне і часткова на мяжы з Докшыцкім раёнам Віцебскай вобласці
pdf

СЕРГУЧ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:17:58

Дата змены: 29.12.2025 12:19:41


Сергуч

Рака ў Лепельскім раёне і часткова па мяжы з Докшыцкім раёнам Віцебскай вобласці. Даўжыня 47 км.

Левы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Дняпро), частка былой Бярэзінскай воднай сістэмы.

Плошча вадазбору 238 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,6 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,2 . Лясістасць тэрыторыі вадазбору 70 % (лясы мяшаныя), азёрнасць 5 %.

Пачынаецца з возера Тэкліц, цячэ па Верхнебярэзінскай нізіне праз азёры Альшыца, Плаўна, Манец, частка сцёку пападае ў Бярэзінскі канал (басейн ракі Заходняя Дзвіна). Ніжэй ад возера Манец рака называецца Бузянка, праз пратоку звязана з возерам Домжарыцкае, ніжэй ад вёскі Домжарыцы Лепельскага раёна асноўны сцёк ідзе па Сергуцкім канале Бярэзінскай воднай сістэмы, які праходзіць справа ад прыроднага рэчышча на адлегласці 300–500 м. Вусце за 4 км на паўднёвы захад ад вёскі Крайцы Лепельскага раёна.

Даліна невыразная, у вытоку трапецападобная, шырынёй 0,5–1 км.

Схілы спадзістыя, вышынёй 8–10 м, пераважна супясчаныя. Пойма двухбаковая, шырынёй ад 50 м да 1,3 км, раўнінная, дзе-нідзе куп’істая, забалочаная, тарфяністая, у разводдзе затапляецца на глыбіню 0,4–0,5 м.

Рэчышча ад вытоку да возера Альшыца звілістае. Берагі да Сергуцкага канала нізкія, тарфяністыя, забалочаныя, у межах канала багністыя, парослыя балотнай расліннасцю (дрыгва, сплавіна). На веснавое разводдзе прыпадае 48 % аб’ёму гадавога сцёку.

Рака цячэ па тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка.