Тэ́кліц
Возера ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Сергуч (выцякае з возера), за 13 км на паўночны захад ад горада Лепель, каля вёскі Звязда.
Упадаюць 2 ручаі ( у т. л. з возера Луконец).
Плошча 2,02 км², даўжыня 1,99 км, максімальная шырыня 1,29 км, максімальная глыбіня 3,2 м. Аб’ём вады 4,14 млн м³. Празрыстасць да 2 м. Берагавая лінія слабазвілістая, даўжынёй 5,5 км. Плошча вадазбору 32,9 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, авальнай формы, выцягнутая з поўначы на поўдзень.
Схілы вышынёй 3–8 м, спадзістыя, пад лесам; на ўсходзе вышынёй 10–12 м, умерана стромкія, дзе-нідзе разараныя.
Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, пад лесам і хмызняком, на поўначы багністыя, зарослыя балотнай расліннасцю (дрыгва, сплавіна).
Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў да глыбіні 0,5 м — пясчанае.
Моцна зарастае.
Шырыня паласы надводнай расліннасці да 170 м.
Водзяцца шчупак, плотка, карась залаты, лінь, акунь.