Дата стварэння: 08.08.2025 14:21:51
Дата змены: 06.10.2025 15:09:53
Чачо́ра
Рака ў Кармянскім, Буда-Кашалёўскім і Чачэрскім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 53 км.
Правы прыток ракі Сож. Прытокі: Дулепа, без назвы каля аграгарадка Роўкавічы (16‑ы км, даўжыня 11 км) (правыя); без назвы каля вёскі Рудня Лозаўская (27‑ы км, даўжыня 11 км), Глыбокая (левыя).
Пачынаецца за 1 км на поўнач і паўночны ўсход ад вёскі Лесавая Буда Кармянскага раёна на шырокім асушаным лузе. Упадае ў Сож каля горада Чачэрск. Працякае па Чачэрскай раўніне.
Плошча вадазбору 551 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,2 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,7 ‰.
Даліна ракі ў вярхоўі невыразная. Ад аграгарадка Ме́ркулавічы да вусця трапецападобная, добра распрацаваная, шырынёй 0,6–0,8 км, найбольшая шырыня (1,7 км) каля вусця ракі, найменшая (350 м) — каля Ме́ркулавічаў.
Схілы пераважна адкрытыя, вышынёй 7–10 м, месцамі да 15 м (вёска Сапрыкі) або да 3–4 м (вёска Лозаў), умерана стромкія і спадзістыя; у раёне горада Чачэрск стромкія і абрывістыя. У верхнім цячэнні рассечаныя лагчынамі і рачнымі далінамі, ніжэй — ярамі. Складзены пяскамі і суглінкамі.
Пойма двухбаковая, сухая, лугавая, зрэдку пакрыта хмызняком, паміж вёскай Лозаў і аграгарадком Рагінь часткова разараная. Шырыня 200–500 м, найбольшая (1,2 км) — каля Чачэрска, найменшая (200 м) — каля Лозава. Паверхня няроўная, толькі месцамі купінаватая і ўзгорыстая, ніжэй ад Чачэрска трапляюцца ямы. Паміж вёскамі Гарадок і Шэрахаўская Буда пойма слаба забалочаная, парэзана ручаямі, асушальнымі каналамі і старыцамі. Складзеная пясчаным і тарфяным грунтамі. Затапляецца толькі ў высокае разводдзе на глыбіню 0,5–1 м, у нізоўі — да 1,5–2 м на 1–2 тыдні.
Рэчышча шырынёй да 3–6 м у верхнім, 7–10 м у сярэднім, да 15 м у ніжнім цячэнні. Сярэдняя вышыня рэчышча 133 м. Ад вёскі Сапрыкі каналізаванае, ніжэй свабодна меандруе, звілістае (К = 1,07), неразгалінаванае, у вярхоўі перасыхае, амаль паўсюдна густа зарастае, на каналізаванай частцы — толькі каля берагоў. Каналізавана ў 1953 і 1973 гг. на ўсім працягу; паўторнае рэгуляванне рэчышча праведзена ў 1997 г. (у Буда-Кашалёўскім раёне, каля вёскі Галавачы, на працягу 0,2 км; каля вёскі Царкоўе, раней Саўгасная, на працягу 0,3 км), у 2001 г. (на паўночны захад ад аграгарадка Баравая Буда ў напрамку вёскі Шылавічы Чачэрскага раёна, на працягу 7,5 км) і ў 2005 г. (ад аграгарадка Ме́ркулавічы Чачэрскага раёна да вёскі Галавачы Буда-Кашалёўскага раёна, на працягу 5 км).
Берагі стромкія, часта аголеныя, задзернаваныя, адкрытыя, ніжэй ад Сапрыкаў спадзістыя і ўмерана стромкія, парослыя хмызняком, складзеныя пясчана-тарфяністым грунтам. Вышыня берагоў 1–1,5 м.
На перыяд вясновага разводдзя (звычайна з 2‑й дэкады сакавіка да пачатку 3‑й дэкады красавіка) прыпадае каля 53 % гадавога сцёку. Замярзае ў 1‑й дэкадзе студзеня, крыгалом у канцы сакавіка.
На рацэ вадасховішча Ме́ркулавічы. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.