АБЛАСНЫЯ ПАДПОЛЬНЫЯ КАМІТЭТЫ ЛКСМБ
pdf

АБЛАСНЫЯ ПАДПОЛЬНЫЯ КАМІТЭТЫ ЛКСМБ

Дата стварэння: 17.03.2026 11:31:20

Дата змены: 24.03.2026 10:38:27


Абласны́я падпо́льныя камітэ́ты ЛКСМБ

Кіруючыя камсамольскія органы на часова акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Былі створаны і працавалі пад кіраўніцтвам Цэнтральнага Камітэта ЛКСМБ, абласных падпольных камітэтаў КП(б)‌Б.

У сваіх абласцях арганізоўвалі і ўзначальвалі камсамольска-маладзёжнае падполле, праводзілі палітычную работу сярод моладзі, узнімалі яе на барацьбу з акупантамі.

Падпольныя абкамы кіравалі дзейнасцю падпольных 6 міжрайкамаў і 5 міжрайцэнтраў, 13 гаркамаў, Лідскага падпольнага гаркама-райкама ЛКСМБ, 189 райкамаў ЛКСМБ (у т. л. 3 райкамаў г. Мінск), якія аб’ядноўвалі больш за 2,5 тыс. пярвічных камсамольскіх арганізацый у партызанскіх фарміраваннях, каля 3 тыс. падпольных камсамольскіх і 335 маладзёжных антыфашысцкіх арганізацый, амаль 80 тыс. камсамольцаў-партызан і больш за 20 тыс. падпольшчыкаў.

Дыслацыраваліся ў партызанскіх зонах у размяшчэнні буйных партызанскіх фарміраванняў. Баранавіцкі, Беластоцкі, Вілейскі і Мінскі падпольныя абкамы ЛКСМБ мелі друкаваныя органы (гл. Друк падпольны).

Усяго было створана 10 падпольных абкамаў ЛКСМБ, якія дзейнічалі да вызвалення тэрыторыі сваіх абласцей:

Баранавіцкі падпольны абкам ЛКСМБ,

Беластоцкі падпольны абкам ЛКСМБ,

Брэсцкі падпольны абкам ЛКСМБ,

Вілейскі падпольны абкам ЛКСМБ,

Віцебскі падпольны абкам ЛКСМБ,

Гомельскі падпольны абкам ЛКСМБ,

Магілёўскі падпольны абкам ЛКСМБ,

Мінскі падпольны абкам ЛКСМБ,

Палескі падпольны абкам ЛКСМБ,

Пінскі падпольны абкам ЛКСМБ.

Гл. таксама Міжраённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ, Міжраённыя падпольныя цэнтры ЛКСМБ, Гарадскія падпольныя камітэты ЛКСМБ, Раённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ.