АГІНСКІ КАНАЛ, канал у Пінскім і Івацэвіцкім раёнах Брэсцкай вобласці
pdf

АГІНСКІ КАНАЛ

Дата стварэння: 31.10.2024 14:12:55

Дата змены: 29.12.2025 13:03:29


Агі́нскі кана́л

Канал у Пінскім і Івацэвіцкім раёнах Брэсцкай вобласці, частка былога Дняпроўска-Нёманскага воднага шляху. Праз рэкі Шчара і Ясельда злучае басейны рэк Нёман і Прыпяць. Даўжыня канала (разам з возерам Выганашчанскае) 54 км.

Складаецца з дзвюх частак, якія пачынаюцца з возера Выганашчанскае: 1‑я (даўжыня 3,5 км) упадае ў Шчару за 3,5 км на поўнач ад возера Выганашчанскае; 2‑я (даўжыня 47 км) — у Ясельду за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Мерчыцы Пінскага раёна. Прымае сцёк з Краглевіцкага (справа), Целяханскага і Хварашчанскага (злева) каналаў, а таксама густой сеткі асушальных каналаў.

Будаваўся ў 1767–1783 гг. на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага для перавозкі грузаў (у асноўным лесу). На канале дзейнічалі 2 прыстані — Целяханы і Агінская. У ХІХ ст. па канале курсіравалі параходы па маршрутах Пінск — Целяханы (штодня) і Пінск — Слонім (раз на 2 дні). Суднаходства па Ясельдзе і Агінскім канале да Выганашчанскага возера вялося з выкарыстаннем коннай і людской цягі. З транзітных суднаў і плытоў спаганялася плата. Добраўпарадкаванне вялося да 1804 г. Меў 10 шлюзаў.

Са зʼяўленнем чыгункі гаспадарчае значэнне канала зменшылася. Гідралагічныя збудаванні канала пашкоджаны ў Першую сусветную вайну 1914–1918 гг. і польска-савецкую вайну 1919–1920 гг. Пасля далучэння заходняй часткі Беларусі да Польшчы канал быў адноўлены, мадэрнізаваны і эксплуатаваўся да 1939 г. З 1939 па 1941 г. выкарыстоўваўся толькі для лесасплаву і эпізадычна — для суднаходства. У час Вялікай Айчыннай вайны ў выніку баёў 1942 г. гідратэхнічныя збудаванні былі разбураны і больш не аднаўляліся. Канчаткова канал прыйшоў у непрыгоднасць у 1960‑я гг., калі былі ўзарваны апошнія шлюзы і плаціны.

Плануецца рэканструкцыя, пераважна ў турыстычных мэтах.