Дата стварэння: 12.05.2023 10:27:18
Дата змены: 27.02.2025 16:11:58
Віле́йска-Куране́цкае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Вілейка і ў вёсках Куранецкага раёна Вілейскай вобласці (цяпер у Вілейскім раёне Мінскай вобласці) з ліпеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Адзін з актыўных арганізатараў — былы член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) А. I. Валынец, які ў першыя месяцы акупацыі стварыў сетку падпольных антыфашысцкіх груп у Куранецкім, Маладзечанскім і Смаргонскім раёнах Вілейскай вобласці. З 1943 г. дзейнасцю падполля кіравалі Вілейскі падпольны абкам КП(б)Б, Куранецкі падпольны райкам КП(б)Б, з красавіка 1944 г. — Вілейскі подпольны гаркам КП(б)Б.
У снежні 1941 г. у в. Халапы́ (з 1975 — у складзе г. Вілейка) адбылася нарада кіраўнікоў падпольных груп, што існавалі на гэты час (тады была створана Вілейска-Куранецкая падпольная арганізацыя і выбраны камітэт). У склад камітэта ўвайшлі: М. М. Мацюкевіч (кіраўнік), I. I. Баслык (намеснік кіраўніка), Ю. М. Балашоў, М. М. Баслык, З. П. Бічун, Б. Л. Дзіменштэйн, У. Ф. Субач, I. А. Шырочын. Былі вызначаны асноўныя задачы: стварэнне і ўмацаванне падпольных груп, наладжванне сувязей з партызанскімі атрадамі, расшырэнне масава-палітычнай і разведвальна-дыверсійнай работы. Падполле аб’ядноўвала 75 чалавек, 14 груп (з іх у Вілейцы 5), кіраўнікі — Ю. М. Балашоў, I. I. Баслык, У. M. Жаўтко, Л. В. Чыжэўская, М. Н. Валынец, у в. Більцавічы — В. А. Рогач, в. Воўкаўшчына (з 1975 — у складзе г. Вілейка) — К. А. Хаванскі, в. Куранец — М. М. Мацюкевіч, са снежня 1941 г. I. Б. Айнбіндэр, в. Талуць — М. Я. Кручонак, в. Урэчча — А. I. Ахрэм, в. Халапы́ —З. П. Бічун, в. Чабатары́ (цяпер у Лагойскім раёне) — В. I. Чабатар.
Падпольшчыкі трымалі сувязь з партызанскім атрадам «За Савецкую Беларусь», якім камандаваў А. І. Валынец (гл. Партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь»), запісвалі па радыё зводкі Саўінфармбюро і распаўсюджвалі ў выглядзе лістовак. Восенню 1941 г. праніклі ў нямецкую друкарню, надрукавалі 2 лістоўкі (па 50 экзэмпляраў), у канцы года вынеслі з яе неабходнае абсталяванне для стварэння падпольнай друкарні, дзе друкавалі лістоўкі вялікімі тыражамі. Патрыёты здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, перавязачны матэрыял, харчы, дакументы; вялі разведку; вызвалілі з фашысцкага лагера і пераправілі да партызан каля 300 ваеннапалонных; сістэматычна псавалі тэлеграфна-тэлефонную сувязь; спалілі мост цераз р. Вілія на шашы Вілейка — Маладзечна, лесапілку каля Куранца; вывезлі зброю і боепрыпасы са складу гapадской паліцыі; на чыгуначнай станцыі Вілейка на лініі Маладзечна — Полацк вывелі са строю вадакачку і 9 паравозаў; узарвалі бензасклад, 3 склады з боепрыпасамі, ваеннай амуніцыяй, харчамі і сенам, будынак гебітскамісарыята, дом фашысцкай прапаганды і біржу працы са спісам некалькіх тысяч савецкіх людзей, што падлягалі вывазу на катаргу ў Германію; разам з партызанамі разграмілі ў в. Каловічы гарнізон і валасную ўправу; сарвалі намер акупантаў уцягнуць моладзь вілейскай семінарыі ў прафашысцкую арганізацыю Саюз беларускай моладзі; знішчылі шэфа СД.
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі: I. Б. Айнбіндэр, Ю. М. Балашоў; П. К. Балуш, З. П. Бічун, Я. В. Валынец, М. Д. Гіль, М. М. Гіль, Р. Р. Данільчык, Т. Р. Данільчык, Б. Л. Дзіменштэйн, А. М. Дурэйка, Л. I. Жаўтко, М. А. Занковіч, П. П. Занковіч, М. Я. Кручонак, П. А. Маліноўскі, П. Р. Маліноўскі, I. Ф. Сівец, М. I. Субач, Н. А. Субач, У. А. Субач, У. Ф. Субач, П. Д. Сялюн, К. А. Хаванскі, В. I. Чабатар, I. А. Шырочын, М. А. Шырочын.
Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. А. I. Валынцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у Вілейцы і г. Маладзечна Мінскай вобласці яго імем названы вуліцы, у Маладзечне ўстаноўлены помнік. Імем П. А. Маліноўскага названа вуліца ў Вілейцы, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка падпольшчыкам. У 1966 г. у в. Куранец Вілейскага раёна ўдзельнікам падполля пастаўлены помнік.