Дата стварэння: 17.08.2023 13:42:04
Дата змены: 24.03.2026 10:38:10
Віле́йскі падпо́льны абка́м КП(б)Б
Вілейскі падпольны абласны камітэт КП(б)Б.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Вілейскай вобласці.
Створаны 28 мая 1943 г. Цэнтральным камітэтам КП(б)Б і працаваў пад яго кіраўніцтвам.
Да стварэння падпольнага абкама КП(б)Б вялікую ролю ў арганізацыі партыйнага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі вобласці сыгралі аператыўная група Вілейскага абкама КП(б)Б на чале з І. Ф. Клімавым, якая базіравалася ў раёне Віцебскіх «варот» з лета 1942 г., і накіраваныя ЦК КП(б)Б арганізатарскія партыйныя групы пад кіраўніцтвам П. Ф. Рудава, М. З. Умінскага, А. І. Шаўчэнкі і інш. У маі 1943 г. у вобласць накіравана яшчэ адна група адказных арганізатараў абкама КП(б)Б у складзе П. П. Булойчыка, I. А. Даўгіх, I. М. Яўмененкі, якія пазней сталі сакратарамі падпольных райкамаў партыі.
Абкамам былі сфарміраваны і ў далейшым дзейнічалі пад яго кіраўніцтвам Вілейскі падпольны гаркам КП(б)Б, 20 райкамаў — Астравецкі падпольны райкам КП(б)Б, Ашмянскі падпольны райкам КП(б)Б, Браслаўскі падпольны райкам КП(б)Б, Відзаўскі падпольны райкам КП(б)Б, Глыбоцкі падпольны райкам КП(б)Б, Дзісенскі падпольны райкам КП(б)Б, Докшыцкі падпольны райкам КП(б)Б, Дунілавіцкі падпольны райкам КП(б)Б, Ільянскі падпольны райкам КП(б)Б, Крывіцкі падпольны райкам КП(б)Б, Куранецкі падпольны райкам КП(б)Б, Маладзечанскі падпольны райкам КП(б)Б, Міёрскі падпольны райкам КП(б)Б, Мядзельскі падпольны райкам КП(б)Б, Пастаўскі падпольны райкам КП(б)Б, Пліскі падпольны райкам КП(б)Б, Радашковіцкі падпольны райкам КП(б)Б, Свірскі падпольны райкам КП(б)Б, Смаргонскі падпольны райкам КП(б)Б, Шаркаўшчынскі падпольны райкам КП(б)Б [гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б], якія аб’ядноўвалі 76 пярвічных партыйных арганізацый, 1 366 камуністаў у партызанскіх фарміраваннях. Абкам кіраваў Вілейскім партызанскім злучэннем, Браслаўскім патрыятычным падполлем, Вілейска-Куранецкім партыйна-камсамольскім падполлем, Азяраўскім камсамольска-маладзёжным падполлем і інш.; падпольнымі антыфашысцкімі арганізацыямі. Накіроўваў дзейнасць Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ.
Для ўзмацнення партыйнага кіраўніцтва дзейнасцю падполля і партызанскіх фарміраванняў, пашырэння палітыка-масавай работы тэрыторыя вобласці была падзелена на 3 зоны, за кожнай замацавана аператыўная група партыйных і камсамольскіх работнікаў на чале з членам абкама. У паўночнай зоне групу ўзначальваў В. А. Цітавец, у паўднёва-ўсходняй — П. А. Жуковіч, у цэнтральнай зоне — А. А. Манахаў.
Абкам базіраваўся ў Нарачанскай пушчы (каля в. Чарэмшыцы Мядзельскага раёна), у партызанскай брыгадзе імя К. Я. Варашылава (Вілейскай вобласці).
Друкаваны орган — «Сялянская газета». Выдаваў бюлетэнь са зводкамі Саўінфармбюро, сатырычны плакат, выпускаў лістоўкі і звароты; усяго каля 800 назваў тыражом 120 тыс. экз.; таксама газеты выдавалі 17 райкамаў (гл. Друк падпольны).
Спыніў сваю дзейнасць у пачатку ліпеня 1944 г.
Сакратары абкама: I. Ф. Клімаў, А. А. Манахаў (з верасня 1943); члены абкама: П. А. Жуковіч (да 28.6.1944, загінуў), А. А. Манахаў, В. А. Цітавец, А. І. Шаўчэнка.
У гонар Вілейскіх падпольных абкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ, штаба партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава на месцы іх базіравання каля в. Чарэмшыцы Мядзельскага раёна ў 1980 г. пастаўлены мемарыяльныя знакі.