pdf

БРАСЛАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:40:17

Дата змены: 04.03.2025 14:29:58

Бра́слаўскае патрыяты́чнае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Браслаў Вілейскай вобласці (цяпер у Віцебскай вобласці) з верасня 1942 г. да ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Аб’ядноўвала 13 чалавек. Арганізатары і кіраўнікі: А. А. Васілеўскі (да верасня 1943), Э. А. Ціранаў. У складзе групы: Т. У. Брылевіч, М. П. Брылевіч, Д. А. Васілеўскі, У. Ю. Відаўскі, I. А. Дубінка, I. М. Елізараў, М. Л. Зайцаў, М. [П.] Зінькевіч, К. [А.] Зінькоў, П. I. Лук’янец, А. Я. Пракаповіч.

Падпольшчыкі вялі антыфашысцкую прапаганду, здабывалі дакументы, звесткі пра склад і колькасць варожых гарнізонаў, месцазнаходжанне вайсковых складоў і казарм, іншыя звесткі і перадавалі іх партызанам, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы і медыкаменты, выратавалі ад фашысцкай расправы каля 150 партыйных і савецкіх работнікаў, ваеннапалонных.

Па ініцыятыве А. А. Васілеўскага ў маі — ліпені 1942 г. была створана партызанская група пад камандаваннем К. Я. Анціпенкі. Падпольшчыкі выконвалі заданні партызанскага атрада «За Радзіму», потым партызанскай брыгады «За Радзіму», з 1943 г. партызанскай брыгады імя Г. К. Жукава Вілейскай вобласці. Трымалі сувязь з Азяраўскім камсамольска-маладзёжным падполлем і Браслаўскай падпольнай камсамольскай групай.

У верасні 1943 г. браты Васілеўскія арыштаваны гітлераўцамі: А. А. Васілеўскі закатаваны ў турме, Д. А. Васілеўскі быў вязнем лагераў смерці Асвенцым і Майданак на тэрыторыі Польшчы.

Акрамя А. А. Васілеўскага, у барацьбе з акупантамі загінулі М. Л. Зайцаў і К. [А.] Зінькоў.

У 1975 г. у памяць пра дзейнасць падполля ў Браславе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.