Дата стварэння: 16.06.2023 08:51:40
Дата змены: 31.10.2024 10:01:11
Бра́слаў
Горад, цэнтр Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, на беразе возера Дрывяты. За 220 км на захад ад г. Віцебск, за 245 км ад Мінска, 30 км ад чыгуначнай станцыі Друя; аўтадарогамі злучаны з гарадамі Міёры і Даўгаўпілс (Латвія), гарадскімі пасёлкамі Відзы і Шаркаўшчына, аграгарадком Друя.
З 1940 г. цэнтр раёна.
У 1941 г. у Браславе было 5 380 жыхароў.
Браслаў акупіраваны 27 чэрвеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне загінула 5 456 чалавек, у т. л. 2,4 тыс. жыхароў Браслава. У красавіку 1942 г. гітлераўцы стварылі ў горадзе гета, пры ліквідацыі якога 3 чэрвеня 1942 г. было расстраляна 2 тыс. чалавек; другое гета, у якім утрымліваліся яўрэі з в. Опса (цяпер аграгарадок у Браслаўскім раёне) і наваколля, праіснавала з верасня 1942 г. да 19 сакавіка 1943 г. Усяго ў Браславе ў 1942–1943 гг. было загублена 4,5 тыс. яўрэяў. Горад быў моцна разбураны.
У горадзе і раёне дзейнічалі: Браслаўскае патрыятычнае падполле, Азяраўскае камсамольска-маладзёжнае падполле, Браслаўскі падпольны райкам КП(б)Б і Браслаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада імя Г. К. Жукава (Вілейскай вобласці); выдавалася падпольная газета «Смерть фашизму», орган Браслаўскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Браслаў вызвалены 6 ліпеня 1944 г. воінамі 166‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр А. I. Светлякоў) 2‑га гвардзейскага стралковага корпуса (генерал-лейтэнант А. С. Ксенафонтаў) 6‑й гвардзейскай арміі 1‑га Прыбалтыйскага фронту і партызанамі брыгады імя Г. К. Жукава (камандзір П. Я. Сырамаха) у ходзе Шаўляйскай аперацыі 1944 г.
У Браславе знаходзяцца:
магілы ахвяр фашызму, на якіх пастаўлены помнікі;
мемарыяльны комплекс на брацкай магіле савецкіх воінаў (сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза І. М. Валчкоў і А. М. Жданаў);
мемарыяльны знак (валун) загубленым яўрэям Браслаўшчыны на яўрэйскіх могілках;
мемарыяльная дошка падпольшчыкам.