Дата стварэння: 12.05.2023 10:55:32
Дата змены: 11.09.2024 15:26:25
«Кліч Радзі́мы»
Газета, заснавана ў жніўні 1932 г. пад назвай «Калгаснік Любаншчыны» як орган Любанскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці. У перыяд з чэрвеня 1938 г. па май 1941 г. мела назву «Сацыялістычная перабудова».
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Любанскага падпольнага райкама КП(б)Б. Выдавалася ў Акцябрска-Любанскай партызанскай зоне на востраве Зыслаў (Любанскі раён Мінскай вобласці), дзе таксама друкаваліся падпольныя газеты «Звязда» (орган Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б) і «Чырвоная змена». Вядома 39 нумароў (№ 1–29 за 1943; № 30–31 за 1–9.1.1944; № 3–5, 7, 11, 13–16 за студзень — чэрвень 1944) за перыяд з 9 красавіка 1943 г. да 9 чэрвеня 1944 г. на беларускай мове. Рэдактары: Г. В. Сыцько (па май 1943), А. Д. Сакевіч (па верасень 1943), I. В. Куляшоў (з верасня 1943).
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай. З 1 мая 1962 г. называлася «Будаўнік камунізму». З 1965 г. друкавалася як орган Любанскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
З 1991 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Голас Любаншчыны» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Любанскі раённы выканаўчы камітэт і Любанскі раённы Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты.