Дата стварэння: 12.05.2023 11:21:38
Дата змены: 10.07.2025 14:29:22
Партыза́нская брыга́да «Жалязня́к»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бягомльскага і Лагойскага раёнаў Мінскай вобласці.
Створана ў верасні 1942 г. на базе атрада «Рамана» (Р. А. Дзякава, арганізаваны ў снежні 1941, у далейшым дзейнічаў асобнымі групамі, адноўлены ў красавіку 1942); пры фарміраванні арганізаваны атрады 1‑ы і 2‑і, у кастрычніку брыгада атрымала назву «Жалязняк». У канцы кастрычніка 1942 г. арганізаваны атрад 3‑і, у снежні 1942 г. — атрад 4‑ы, у студзені 1943 г. — артылерыйская батарэя (у жніўні 1943 пераўтворана ў атрад 5‑ы), у красавіку 1943 г. — атрад А. С. Цюрына (з чэрвеня 1943 — атрад 6‑ы). У маі 1943 г. у брыгаду як атрад 7‑ы ўвайшоў асобны атрад В. З. Браева (створаны ў маі 1942, у жніўні 1943 пераўтвораны ў разведвальны), у верасні 1943 г. як атрад 9‑ы — асобны атрад І. К. Сямёнава. У верасні 1943 г. атрад 4‑ы вылучаны з брыгады і перадыслацыраваны ў Вілейскую вобласць (гл. Партызанскі атрад С. Р. Суслава). У лістападзе 1943 г. сфарміраваны атрад 8‑ы. З рэзерваў брыгады і ўзвода аўтаматчыкаў 7‑га атрада 16 снежня 1943 г. арганізаваны атрад 10‑ы вучэбна-рэзервовы, 21 мая 1944 г. атрад 10‑ы аб’яднаны з атрадам 7‑м і перафарміраваны ў роту аўтаматчыкаў.
Партызаны брыгады ў снежні 1942 г. разграмілі варожы гарнізон у г. п. Бягомль, 12 снежня 1942 г. знішчылі 2 масты цераз р. Бярэзіна. Вызваленая тэрыторыя Бягомльскага раёна стала асновай для стварэння Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны.
Байцы брыгады нападалі на варожы гарнізон у г. Докшыцы (гл. Докшыцкі бой 1943 г.), разграмілі чыгуначную станцыю Параф’янава (гл. Параф’янаўскі бой 1943 г.), атакавалі гарнізоны ў в. Даўгінава Крывіцкага раёна (гл. Даўгінаўскі бой 1943 г.) і в. Юхнаўка Бягомльскага раёна (гл. Юхнаўскі бой 1943 г.). У маі — чэрвені 1943 г. вялі баі супраць карнікаў, якія праводзілі аперацыю «Котбус». У «Рэйкавай вайне» падарвалі больш за 5,5 тыс. рэек, 5 чыгуначных мастоў. У жніўні 1943 г. удзельнічалі ў Докшыцка-Крулеўшчынскай аперацыі 1943 г. У чэрвені 1944 г. утрымлівалі да падыходу Чырвонай арміі пераправу цераз Бярэзіну, пабудавалі там 2 масты.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 5‑ы, 6‑ы, 8‑ы, 9‑ы і роту аўтаматчыкаў, у якіх налічвалася 2 137 партызан.
Камандзіры брыгады: Р. А. Дзякаў, I. П. Ціткоў, Л. П. Бірукоў (выконваў абавязкі); камісары: С. С. Манковіч, Ф. I. Дзернушкоў; начальнік штаба Л. П. Бірукоў.
Камандзіру брыгады І. П. Ціткову і камісару С. С. Манковічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У в. Юхнаўка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў 1964 г. у гонар разгрому нямецкага гарнізона байцамі 5‑га атрада брыгады «Жалязняк» пастаўлены помнік.