pdf

БРЭСЦКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 22.05.2023 10:17:53

Дата змены: 10.11.2025 11:50:07


Брэ́сцкае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Брэст пад кіраўніцтвам Брэсцкага партыйнага падполля і Брэсцкага падпольнага гаркама ЛКСМБ з ліпеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Першая падпольная камсамольская арганізацыя створана ў пачатку вайны з вучняў старшых класаў сярэдніх школ горада. Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі бланкі дакументаў для легалізацыі савецкіх ваеннаслужачых, што трапілі ў акружэнне. Восенню 1941 г. большасць падпольшчыкаў арыштавана.

У жніўні 1941 г. рашэннем гарадскога партыйнага камітэта створана другая падпольная камсамольская арганізацыя, куды ўвайшлі В. А. Несцярэнка (сакратар), Г. А. Аржанава, М. А. Жыгімонт, У. Н. Лупейка, Л. В. Папова, Б. М. Пікус (члены бюро), Р. К. Баннікаў, А. В. Касаткіна, В. С. Краўцова, М. М. Панамарова, Ф. Я. Тронкіна, Я. А. Чарняўская, М. І. Шошчыц. Падпольныя групы ўзначальвалі Р. К. Баннікаў, Л. В. Папова, Б. М. Пікус, М. І. Шошчыц.

Камсамольцы арганізавалі збор зброі, боепрыпасаў, цёплага адзення для партызан, наладжвалі ўцёкі ваеннапалонных, мелі на канспіратыўных кватэрах некалькі радыёпрыёмнікаў, прымалі, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, матэрыялы з савецкіх газет, рабілі дыверсіі на чыгуначным вузле, здабывалі разведданыя, медыкаменты. Каб мець доступ да медыкаментаў, накіравалі працаваць у аптэку Г. А. Аржанаву.

Падпольшчыкі наладзілі сувязь з партызанамі, перадалі ім 20 вінтовак, 6 аўтаматаў, 12 скрынак гранат, 17 тыс. патронаў, 120 кг толу; у фонд Чырвонай арміі сабралі 10 тыс. руб. грашыма і аблігацыямі.

У 1942 г. група падпольшчыкаў, у т. л. В. А. Несцярэнка, пайшла да партызан. Арганізацыю ўзначаліў Р. К. Баннікаў.

На працягу 1941–1943 гг. каля 30 камсамольцаў прымалі ўдзел у рабоце партыйнага падполля або дзейнічалі ў адзіночку.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі Б. Аношкін, Г. А. Аржанава, А. В. Касаткіна, В. С. Краўцова і іншыя патрыёты.