pdf

ГОМЕЛЬСКІ ПАДПОЛЬНЫ АПЕРАТЫЎНЫ ЦЭНТР

Дата стварэння: 22.05.2023 10:19:00

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58


Го́мельскі падпо́льны аператы́ўны цэнтр

Дзейнічаў у акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Гомель пад кіраўніцтвам Гомельскага падпольнага абкама КП(б)‌Б і Гомельскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б з лістапада 1941 г. да мая 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Створаны для забеспячэння партыйнага кіраўніцтва Гомельскім партыйным падполлем, Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем і для каардынацыі іх дзейнасці ва ўмовах узмоцненых карных акцый акупантаў. У яго склад ўвайшлі Ц. С. Барадзін (кіраўнік), Р. I. Цімафеенка, I. Б. Шылаў. Падпольнаму аператыўнаму цэнтру былі перададзены паролі, адрасы явачных кватэр. Ён устанавіў сувязі з падпольнымі групамі на падшыпнікавым заводзе (кіраўнік камуніст В. I. Сухаў), на лесакамбінаце (Ц. В. Блінкоў, Р. М. Каралёў), на чыгуначным вузле (А. Ц. Брыкс, М. Д. Жызнеўскі), на тлушчакамбінаце (камуніст Е. I. Каленікаў), на паравозавагонарамонтным заводзе (М. В. Півавараў), у пашпартным стале (Н. Я. Заўгародні). Цэнтр накіроўваў дзейнасць падпольшчыкаў, паведамляў ім рашэнні Гомельскіх падпольных абкама і гаркама КП(б)‌Б. Сувязь паміж падпольнымі партыйнымі органамі і аператыўным цэнтрам ажыццяўлялі А. М. Лысенка, В. I. Блескіна, М. Я. Сударыкаў, Г. Ф. Болсун, Г. П. Харламава.

У снежні 1941 г. Гомельскі падпольны гаркам КП(б)‌Б даручыў аператыўнаму цэнтру падарваць адноўленую акупантамі электрастанцыю. Да вясны 1942 г. па ініцыятыве І. Б. Шылава на электрастанцыі была створана падпольная група, у якую ўвайшлі В. А. Андрэенка, П. I. Чысцякова, Р. П. Гапееў і інш.

Падпольны аператыўны цэнтр спыніў сваю дзейнасць 8 мая 1942 г. У гэты дзень на явачнай кватэры (вул. Камісарава, 14) гітлераўцы па даносе здрадніка арыштавалі Ц. С. Барадзіна, І. Б. Шылава і іншых падпольшчыкаў, якія сабраліся для ўдакладнення плана дыверсіі на электрастанцыі. Усяго ў гэтыя дні ў горадзе былі арыштаваны 63 падпольшчыкі. Пасля жорсткіх катаванняў Ц. С. Барадзін, І. Б. Шылаў і іх таварышы былі расстраляны акупантамі 20 чэрвеня 1942 г. Пазней загінуў Р. I. Цімафеенка.

Кіраўніку Гомельскага падпольнага аператыўнага цэнтра Ц. С. Барадзіну ў 1965 г. было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.