АГРАРНАЯ ПАЛІТЫКА, нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі
pdf

АГРАРНАЯ ПАЛІТЫКА

Дата стварэння: 14.10.2025 13:43:09

Дата змены: 10.11.2025 11:50:15


Агра́рная палі́тыка нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сістэма мер, накіраваных на выкарыстанне сельскагаспадарчых рэсурсаў Беларусі ў інтарэсах вайны нацысцкай Германіі супраць СССР, на абрабаванне і знішчэнне сельскага насельніцтва, на ваенную каланізацыю захопленых тэрыторый. Адпавядала агульнаму характару нацысцкага акупацыйнага рэжыму. Галоўнай задачай палітыкі акупацыйных улад у галіне сельскай гаспадаркі было харчовае забеспячэнне ўзброеных сіл Германіі за кошт захопленых савецкіх тэрыторый.

У заходніх абласцях Беларусі (Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская), дзе толькі ў верасні — лістападзе 1939 г. была канчаткова ўсталявана савецкая ўлада і пачалася перабудова сельскай гаспадаркі на сацыялістычны лад, гітлераўцы адразу ж знішчылі ўсе калгасы і саўгасы, захапілі грамадскую маёмасць, жорстка расправіліся са старшынямі калгасаў і сельскімі актывістамі. На тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі (па няпоўных даных) было створана 1509 маёнткаў.

У тых акупіраваных абласцях Беларусі (Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская), дзе ў вёсцы яшчэ ў канцы 1920‑х — пачатку 1930‑х гг. склалася і перамагла сацыялістычная сістэма, нацысты пачалі праводзіць сваю аграрную палітыку з дэмагагічным каварствам і маскіроўкай. У дакументах нацысцкага рэйха неаднаразова падкрэслівалася неабходнасць з «гаспадарчых меркаванняў» у гэтых раёнах пакуль што не распускаць калгасы і не праводзіць раздзел зямлі. Там акупанты на некаторы час нават захавалі пасады калгасных старшынь, брыгадзіраў, афіцыйна не распускалі праўленні, рэвізійныя камісіі. Каб без перашкод сабраць для сябе багаты ўраджай 1941 г. і скарыстаць для Германіі ўсю калгасную жывёлу і маёмасць, гітлераўцы патрабавалі ад кожнага калгасніка заставацца на месцы сваёй працы, не распускаць грамадскіх гаспадарак, не дапускаць рабавання і разбазарвання харчовых прадуктаў і знішчэння машын. Такія «калгасы», падпарадкаваныя гітлераўскім акупацыйным уладам, адразу ж страцілі сацыялістычны характар, таму што ўся зямля, увесь калгасны інвентар і жывёла былі абвешчаны ўласнасцю германскай дзяржавы. Да канца 1941 г. акупацыйныя ўлады на тэрыторыі Беларусі ўзялі на ўлік 10 249 калгасаў.

У адпаведнасці са зваротамі, заклікамі і ўказаннямі ЦК ВКП(б) і Савецкага ўрада вялікую палітычную і арганізатарскую работу па актывізацыі барацьбы сялянства супраць аграрнай палітыкі акупантаў разгарнулі падпольныя партыйныя органы і арганізацыі, камуністы і камсамольцы, беспартыйныя сельскія актывісты. Яны распаўсюджвалі сярод сялян лістоўкі і перадавалі змест савецкіх радыёперадач, заклікалі падпальваць свірны з грамадскім збожжам, знішчаць сельгаспрадукты, рэзаць грамадскую жывёлу, дзяліць і хаваць збожжа, зрываць збор ураджаю. Дапамогу сельскаму насельніцтву ў барацьбе з гітлераўскай аграрнай палітыкай аказвалі партызаны, якія захоплівалі нарабаваны гітлераўцамі харч і жывёлу і вярталі яго сялянам, грамілі вясковыя і валасныя ўправы, паліцэйскія ўчасткі, склады ворага, дапамагалі сельскім працаўнікам вызваліцца ад штодзённага кантролю з боку акупацыйных улад і сістэматычнага рабавання, хаваць жывёлу і харчы. Сяляне забяспечвалі партызан харчамі, адзеннем і самі ўступалі ў рады народных мсціўцаў. У выніку толькі з генеральнай акругі «Беларусь» немцы не дабралі ў параўнанні з запланаваным на 1941/42 гаспадарчы год больш як 60 % збожжа, 55 % тлушчу, 30 % масла і алею.

У гэтых умовах акупанты вырашылі крыху змяніць сваю тактыку. Яны не адмаўляліся ад выкарыстання калектывісцкіх традыцый савецкіх сялян, аднак пасля разгрому пад Масквой і з’яўлення перспектывы зацяжной вайны перайшлі да прапаганды і аднаўлення сярод калгаснікаў прыватнаўласніцкіх тэндэнцый. З гэтай мэтай міністр акупіраваных усходніх абласцей А. Розенберг 16 лютага 1942 г. выдаў дырэктыву «Аб новым парадку землекарыстання». У ёй дэмагагічна аб’яўлялася аб адмене калгаснай сістэмы і пераўтварэнні калгасаў у абшчынныя гаспадаркі («абшчыны»). Галоўным у «новым парадку землекарыстання» былі наступныя палажэнні: «зямля абшчынных гаспадарак апрацоўваецца супольна», «усе працаздольныя члены абшчынных гаспадарак абавязаны сумесна працаваць», «кіраўнік абшчыннай гаспадаркі з’яўляецца адказным за дакладнае выкананне абавязацельстваў па здачы падатку». Мэта гэтай дырэктывы — устанавіць у вёсцы кругавую паруку, калектыўную адказнасць сялян перад акупантамі за выкананне іх распараджэнняў. У дырэктыве прадугледжвалася ператварэнне ўсіх былых саўгасаў у германскія дзяржаўныя маёнткі, а машынна-трактарных станцый (МТС) — у сельскагаспадарчыя пункты. Каб абудзіць у савецкіх сялян прыватнаўласніцкія пачуцці, за асобнымі дварамі замацоўваліся прысядзібныя ўчасткі, частка гаспадарчага інвентару і пабудоў. У дырэктыве невыразна гаварылася аб пераходзе ў далейшым да індывідуальнага землекарыстання і тут жа ўдакладнялася, што зямлю не атрымаюць тыя сяляне, якія не выконваюць распараджэнняў нямецкіх улад і «палітычна ненадзейныя». Тыя ж, хто атрымае зямлю ў індывідуальнае карыстанне, павінны будуць аб’яднацца ў земляробчыя таварыствы, каб супольна працаваць і здаваць натуральны падатак «земляробчага таварыства ў цэлым».

Аднак усенародная барацьба супраць акупантаў бесперапынна нарастала, асабліва пасля паражэння гітлераўскіх войск пад Сталінградам. Актывізаваўся сабатаж сялянствам нацысцкай аграрнай палітыкі, павялічылася колькасць падпольных партыйных органаў і арганізацый, стварыліся магутныя партызанскія краі і зоны. Дзейнасць гітлераўскай акупацыйнай адміністрацыі ў многіх раёнах была паралізавана масавай барацьбой народных мсціўцаў. Партызаны грамілі і ліквідоўвалі «дзяржаўныя маёнткі», сваю дзейнасць спынялі «абшчынныя гаспадаркі», і «новы парадак землекарыстання» цярпеў правал. У сувязі з гэтым гітлераўцы пайшлі на далейшае распальванне прыватнаўласніцкіх інтарэсаў сялян.

А. Розенберг 3 чэрвеня 1943 г. выдаў «Дэкларацыю аб сялянскім праве ўласнасці», абяцаючы зямлю ўсяму сялянскаму насельніцтву. Але, як відаць з тлумачэнняў генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, акупанты і цяпер не спяшаліся з перадачай сялянам права ўласнасці на зямлю. Войскі Чырвонай арміі няўхільна набліжаліся да Беларусі, і з верасня 1943 г. пачалося яе вызваленне, што садзейнічала яшчэ большай актывізацыі ўсенароднай барацьбы ў тыле ворага, у т. л. упартаму супраціўленню сялянства ўсім разнавіднасцям аграрных парадкаў акупантаў. Новы дэмагагічны жэст А. Розенберга таксама не даў чаканых вынікаў.

Гітлераўцы пастаянна і адкрыта рабавалі сялян, не лічачыся з устаноўленымі імі самімі аграрнымі парадкамі. Кожны сялянскі двор яны абкладалі рознымі натуральнымі і грашовымі падаткамі. Гадавыя нормы здачы сельскагаспадарчай прадукцыі не былі пастаяннымі і адрозніваліся ў розных раёнах. У 1943/44 гаспадарчым годзе ў генеральнай акрузе «Беларусь» яны складалі 85 кг збожжа з аднаго гектара, 160 кг бульбы, 6–7 кг мяса на кожны гектар пасяўных плошчаў. У час карных экспедыцый нацысты не толькі забіралі ўсю жывёлу і сельскагаспадарчую прадукцыю, але і знішчалі населеныя пункты, забівалі, спальвалі ці вывозілі ў няволю сельскіх жыхароў.

За гады нацысцкай акупацыі гітлераўцы разбурылі і спалілі на тэрыторыі Беларусі не менш за 12 800 вёсак, вывезлі ці знішчылі 9 тыс. трактароў, 1100 камбайнаў, больш як 2 млн галоў буйной рагатай жывёлы, 2,8 млн свіней, 2,9 млн авечак і коз, каля 1 млн коней, больш за 8 млн галоў птушкі, знішчылі амаль 33 тыс. га садоў, больш як 2,8 млн га збожжавых, бульбы і іншых сельскагаспадарчых культур. У выніку такога «гаспадарання» акупантаў пасяўная плошча ў 1944 г. скарацілася ў параўнанні з 1940 г. на 43 %. Толькі грамадскай і дзяржаўнай сельскай гаспадарцы Беларусі гітлераўскія захопнікі нанеслі страты на 48,1 млрд руб. (у даваенных цэнах).

Нягледзячы на дэмагогію і зверствы нямецкіх акупантаў, іх аграрная палітыка на Беларусі пацярпела правал: фашыстам не ўдалося шляхам ашуканства і шантажу выкарыстаць традыцыі калектывізму савецкага сялянства пры насаджэнні абшчынна-прыгонніцкіх парадкаў у вёсцы, каб выканаць свае грабежніцкія планы па «нарыхтоўцы» сельскагаспадарчай прадукцыі. За гады акупацыі з генеральнай акругі «Беларусь» гітлераўцы змаглі атрымаць збожжавых культур толькі 25–40 % ад запланаваных імі паставак. Іх аграрная палітыка на тэрыторыі Беларусі была палітыкай здзекаў і гвалту і ўжо з самага пачатку выклікала супраціўленне з боку сялянства Беларусі.